Віктар Ярмалковіч, беларускі юрыст, гісторык, краязнавец, дзеяч БХД, нарадзіўся 4 студзеня 1917 году ў вёсцы Юшкі былога Віленска-Троцкага павету (цяпер на тэрыторыі Летувы). Вучыўся ў гімназіі пры Друйскім кляштары айцоў марыянаў, Віленскай беларускай гімназіі, у 1940-ым скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стафана Баторыя. Уваходзіў у Беларускі студэнцкі саюз, Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, супрацаваў з газетай “Крыніца”, часопісам “Хрысціянская думка”.

У пачатку 1939-га арыштаваны польскімі ўладамі, зняволены ў Вільні, у вязніцы спаткаў многіх знаёмых беларусаў. Потым этапаваны і зняволены ў Бяроза-Картузскі канцлагер. Там разам з іншымі беларусамі зазнаў здзекі. Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, прабіраўся з іншымі, пераважна пешшу, праз Кобрын, Брэст, Гродна ў Вільню. У верасні 1939-га працаваў архіварыусам гарадской управы, потым следчым народнага суда ў Віленскім павеце і Вільні. У пачатку другой сусветнай вайны нейкі час хаваўся ў родных Юшках, потым арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, аднак як мясцовы жыхар вызвалены. Паехаў у Ліду шукаць працы. Працаваў там у гарадской управе. 3 восені 1941-га – міравы суддзя Шчучынскага раёна. Працаваць было амаль немагчыма, на Лідчыне надышоў час паліцэйскага і акаўскага тэрору супраць беларусаў.

У вайну Ярмалковіч ажаніўся, у ліпені 1944 выехаў з Шчучына ў Варшаву. Жыў там некаторы час у швагра, перажыў бамбардаванне гораду.

Пасля вайны Віктар Ярмалковіч застаўся і жыў у Польшчы, у Біскупцы, з 1945-га працаваў у Ольштынскім судзе. Восенню 1949 арыштаваны органамі МГБ СССР і высланы ў вёску Усолле (Іркуцкая вобласць, Расія). У 1951-ым вярнуўся на Віленшчыну, працаваў настаўнікам польскіх школ, дырэктарам Старасельскай сямігодкі. У пачатку 1953-га зноў арыштаваны і ў лютым прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волі ў савецкім канцлагеры. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобласці (Расія). Пасля перагляду справы Камісіяй Прэзідыума ВС СССР восенню 1956-га вызвалены і ў 1957-ым рэпатрыяваўся ў Польшчу. Працаваў дантыстам у горадзе Біскупец. Збіраў матэрыялы па гісторыі Беларусі, друкаваўся ў польскіх перыядычных выданнях, “Польскім біяграфічным слоўніку”. Пісаў на беларускай (лацінкай) і польскай мовах.

Памёр 15 снежня 1987 году. У 1992 годзе рэабілітаваны.

Віктар Ярмалковіч пакінуў пасля сябе мемуары і навуковыя матэрыялы. Інстытутам беларусазнаўства ў г. Ляймен (Германія) выдадзены яго працы “Летапіс Віленскай беларускай гімназіі 1919-1944” , “Прафесар Ежы Ахманьскі і гісторыя Вялікага княства Літоўскага”, “Пазнавайма родны край. Ліда і Лідская зямля. Шчучынскі раён. Іўеўскі раён”, “Права і дзяржава. Асноўныя паняцці права з нарысам гістарычнага развіцця дзяржаўнасці і права Беларусі”, “3-пад віленскіх палёў”, “На жыццёвых хвалях (успаміны)”, “Меднікі”, “Беларускі студэнцкі саюз (БСС) у Вільні”, “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, “Касцельная унія на Беларусі і яе лёс”. Аўтар гістарычнага нарыса “Цярністы шлях Беларусі”. У рукапісах засталіся працы “Крывы горад – Вільня”, “Гісторыя Вільні”, “Гістарычныя расказы пра падзеі на беларускіх землях у Хроніцы Мацея Стрыйкоўскага”, “Усходнія славяне, Крывія, Русь”, “Старажытная гісторыя Беларусі (да часу ўтварэння на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага)”, “Кароткі нарыс царкоўнай гісторыі Беларусі” і іншыя. Працаваў над “Біяграфічным даведнікам беларускіх дзеячаў”.