Гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына перавялі пасля карцара, дзе ён сустрэў 2022 год, у камеру да іншых зняволеных.

Пра стан здароўя Дзяніса расказала яго жонка Вольга Івашына:

– Адчувае сябе, у прынцыпе, добра, наколькі гэта магчыма. Былі ў яго невялічкія праблемы са здароўем, але ўсё наладзілася. І доктар да яго прыходзіў пасля таго, як мы паднялі вэрхал чарговы раз. Ён пасля карцару спачатку быў на каранціне, пасля яго перавялі ў камеру звычайную ў панядзелак. У панядзелак жа ён напісаў скаргу на гэтую дзіўную працэдуру, якую з ім правялі ў карцары з прымусовай стрыжкай.

Па словах Вольгі, яна працягвае ліставанне з адміністрацыяй турмы:

– Цэлых дзесяць месяцаў мы адны адпіскі атрымліваем. Усё ў парадку, ніякіх парушэнняў няма. Паглядзім, што яны адкажуць на маю скаргу, якую я напісала, такі падаруначак ім на Новы год зрабіла ў пракуратуру. 3-га яны атрымалі, паглядзім, што адкажуць. Адміністрацыя, як звычайна, прыкрывае свае парушэнні супраць Дзяніса.

Беларускае Радыё Рацыя