Тыдзень назад у гэтым месцы пісаў я пра цуды каляднай ночы майго дзяцінства, бачаныя вачыма дзіцяці ў найбольш любімай мною царкве — у прыхадскім Вэрстоку. Любімай па сённяшні дзень і аж да канца майго зямнога жыцця. Не спадзяваўся аднак я, ані мае браты і сямейнікі, што завітаем туды яшчэ на апошнім тыдні адыходзячага 2021 года, каб развітацца на заўсёды з нашымі мамай і татам. Пакліканыя Усявышнім, адышлі ў Ягонае Царства Нябеснае. Пражылі бацькі з сабою 63 гады, заўсёды будучы разам і з верай Гасподняй у добрых і цяжкіх хвілінах жыццёвых выпрабаванняў. Мама, маючы 88 гадоў адышла ў аўторак перад поўднем, тата, з якім у жніўні 2021 года адсвяткавалі юбілей яго 90-годдзя, пайшоў за ёю ў сераду перад шостай раніцы, проста паміраючы на маіх руках. «Дзякуй Божай ласцы, — мама любіла заўсёды паўтараць, — што нічога на гэтым свеце не дзеецца без Божай благадаці». Дадзена ім было спачыць побач сябе ў адзін дзень на вэрстоцкіх могілках, побач нашага дзеда Мікалая і бабы Олькі. Так ім хацелася трымацца свайго сямейнага статку. І загадзя, многа гадоў раней вылілі падмурак пад сваю будучую дамавіну, каб толькі ляжаць разам з сабою і з бацькамі. А цяпер супольна ўслухоўвацца ў вечным сне ў спевы птушак і шэпт навін ад пушчанскіх дрэў, навеяных сюды вятрамі, што любяць закруціцца над ляснымі палянамі.

Паховіны зараз для кожнай сям’і, апрача асабістых перажыванняў, нясуць з сабою пытанне адказнасці за эпідэміялагічную сітуацыю ў такіх момантах. Тут у нашай сям’і, на жаль, былі сумныя досведы. У пачатку мінулага года нашу сваячку з вёскі Валянціну, якая без ковіда патрапіла ў беластоцкі шпіталь і там ад яго памерла, прывезлі некалькі гадзін пасля адыходу ў закрытай труне на вэрстоцкія могілкі, пахавалі нават без багаслужбы ў Доме Божым. Зусім нядаўна, мой дваюрадны брат Славамір памёр ад гэтай сённяшняй халеры, чакаючы на пахаванне амаль два тыдні, бо ж родным трэба было перайсці каранцін. Таму наш тата заўсёды паўтараў, каб не дай Божа нешта такое здарылася ў час, калі прыйдзецца і ім адыходзіць. І меў надзею, што ніхто не захварэе ў час пахавання. Асабліва, што пад пушчай людзі да прышчэпкі аказаліся не вельмі перакананымі. А ў нас сем’і з боку мамы і таты сапраўды вялікія.Таму на апошняй дарозе развітання ў час вечаровай паніхіды дома і літургіі ў царкве на другі дзень, апрача ўжо нешматлікіх аднавяскоўцаў з’ехалася і з Польшчы, і з нашай Беласточчыны толькі сама блізкая радня. Мы молімся і верым, што гэтая ковідная пошасць не нарабіла чарговай бяды ў час нашага, сямейнага развітання.

Калі мы наказвалі родным пра смерць бацькоў (прыгожае слова «наказваць», сярод нашых беларускіх абарыгенаў, менавіта яно скарыстоўвалася абавязкова ў час паведамлення пра прыход зямной смерці), прасілі таксама, каб замест кветак на магілу, жадаючыя ўкідвалі ахвяраванні на заканчэнне пабудовы хоспіса прарока Ільі ў Макаўцы. Такое жаданне меў і наш тата, як адышла мама, а мы з ім рыхтаваліся да яе пахавання. На другі дзень не стала і яго. Ад імя ўсіх братоў хачу падзякаваць за ахвяраванні на хоспіс, замест кветак на магілу Надзеі і Яна Вапаў. Брат пераліў на рахунак фонду 3880 злотых, сабраных у адмысловую скрыначку выстаўленую дома і ў царкве. Ведаю таксама пра шмат непасрэдных ахвяраванняў з гэтай мэтай ад сяброў і суседзяў на банкаўскі рахунак хоспіса. Многія зрабілі таксама падпіску на «Ніву» на круглы год, якой чытачом да канца жыцця быў мой тата. І чытаў яе гадамі ўголас для сваёй жонкі. Бацюшка нам потым рассакрэціў, што ў ягонай парафіі зараз менш чым 280 парафіян, а гадавы кошт вывазу смецця з могілак склаў у 2021 годзе амаль 21 тысячу злотых! А зараз як вядома кошты з новага году ідуць і тут рэзка ўгару. Для так беднай парафіі гэта кашмарныя выдаткі.

Словы ўдзячнасці накіроўваю для настаяцеля прыхода ў Вэрстоку айца Паўла Кучынскага за яго малітвы і кранальныя душу і сэрца словы. Дзякую пеўчым прыхадскога хору і пеўчым-братчыцам з Бельска-Падляшскага. Падзяка ўсім тым, хто быў з намі на месцы і ўсім нашым сямейнікам, сябрам і знаёмым, што былі духоўна з намі ў гэты час і маліліся за адышоўшых — найдаражэйшых нам бацькоў. Спасі Госпадзі!

Яўген ВАПА