У Гародні працягваюцца судовыя працэсы па палітычна матываваных справах.
Вядома дата чарговага паседжання па крымінальнай справе Аляксандра Цялегі. 19 студзеня ў судзе Ленінскага раёну а 14.30 у працэсе запланавана яго апошняе слова.

Аляксандра Цялегу вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
артыкул 369 – Знявага прадстаўніка ўлады;
артыкул 364 – Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў;
артыкул 391 – Знявага суддзі ці народнага засядацеля.
Суддзя на працэсе – Ганна Лявусік.
Аляксандр Цялега – доктар-нэўролаг другой катэгорыі, які мае стаж працы 18 гадоў. Раней скончыў ваенна-медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту. Працаваў у расейскім Нарыльску.
Цялегу затрымалі ў Барысаве 3 траўня бягучага году. Ён якраз прыехаў у Беларусь на адпачынак да бацькоў з Расеі. Пасля затрымання Аляксандра Цялегу адразу ж завезлі ў гарадзенскую турму, дзе ён сядзеў цэлы гэты час. Праўдападобна, доктара пасля затрымання збілі, пасля чаго змусілі запісаць “пакаяльнае” відэа.
Пачаткова 41-гадовага лекара падазравалі і звінавацілі ў тым, што ён зімой пакідаў у Telegram абразлівыя каментары пра міліцыянтаў, супрацоўнікаў судоў і пракуратуры. На яго выйшлі аператыўнікі гарадзенскага ўпраўлення ўласнай бяспекі. Далей сілавікі чакалі, калі Цялега прыедзе ў Беларусь.
14 траўня гэтага году Аляксандр Цялега праваабарончай супольнасцю Беларусі быў прызнаны палітвязнем.
Яшчэ два працэсы адбудуцца ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні 13-га і 17-га студзеня.
13 студзеня суддзя Дзмітрый Кедаль будзе судзіць па крымінальнай справе Максіма Рушніцкага, Кірыла Шчаглова і Аляксандра Належынскага паводле артыкулу 368 (частка 1) – Знявага прэзідэнта РБ.
17 студзеня на лаве падсудных апынецца Лізавета Брыкач. Яе вінавацяць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў – артыкул 363 (частка 2) Крымінальнага кодэксу.