Стваральніцу і першую дырэктарку Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіну Лавор у верасні мінулага года асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі».

Яе звінавацілі ў абразе начальніка Іўеўскага РАУС і старшага інспектара. На «хатняй хіміі» жанчына знаходзіцца з 1 снежня, але ёй ужо выпісалі пакаранне за парушэнне рэжыму. 23 праверкі за месяц, начны медагляд з супрацоўнікам Іўеўскага РАУС і першая вымова за дазволены прыём у старшыні райвыканкама  Рэгіна Лавор распавяла «Вясне», як яна адбывае «палітычную хатнюю хімію».

За што асудзілі жыхарку Іўя?

Суд Іўеўскага раёна асудзіў 50-гадовую Рэгіну Лавор да двух гадоў “хатняй хіміі” па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Яе прызналі вінаватай у тым, што яна размясціла ў тэлеграме абразы прадстаўнікоў улады: намесніка начальніка АУС Іўеўскага райвыканкама Андрэя Ярохіна і старшага інспектара Валерыя Горбача. У адносінах да Ярохіна яна пакінула каментар “Ерохин фашист… бандит в джинсах”, у адносінах да Горбача – “Гаист Горбач падла…пенсионер хренов”.

Суд абавязаў выплаціць на карысць пацярпелага Андрэя Ярохіна тысячу рублёў маральнай шкоды – ён заявіў пазоў на паўтары тысячы.

Рэгіна абскарджвала прысуд, але ў лістападзе абласны суд пакінуў яго без зменаў.

Пачатак адбывання пакарання

Рэгіна Лавор – стваральніца і першая дырэктарка Іўеўскага музея нацыянальных культур. Па адукацыі Рэгіна культуролаг і музеязнаўца, 24 гады яна адпрацавала ў галіне культуры. Але на момант уступлення прысуду ў сілу Рэгіна не працавала, таму ёй далі 15 дзён на працаўладкаванне.

«Я зарэгістравалася як беспрацоўная і шукала працу яшчэ самастойна. Зразумела, што я звярнулася ў пошуку працы ва ўстановы культуры, тым больш, што былі вакансіі, але мне ўсюды адмаўлялі. У гэты ж час з-за маёй грамадзянскай пазіцыі пачаліся рэпрэсіі супраць мужа».

«Патрабуюць звальнення». Ціск на мужа

Як распавядае Рэгіна, яе муж працаваў больш за дваццаць гадоў начальнікам Іўеўскага вузла сувязі (Белтэлекам), але ў сувязі з крымінальнай справай супраць Рэгіны, кіраўніцтва яму сказала пісаць заяву на іншую пасаду – інжынерам у гэтай жа арганізацыі. Ён напісаў з першага лістапада, бо ў сям’і чацвёра дзяцей.

«Але ад мужа не адчапіліся, патрабуюць яго звальнення. Гэта зразумела, але мы гатовыя да гэтага», – кажа Рэгіна.

З 1 студзеня гэтага года Рэгіна зарэгістравалася рамесніцай і сплаціла падатак, але пачаць дзейнасць яна не магла, бо інспекцыя не ўзгадняла рэжым працы.

Праз дзесяць дзён Рэгіне прапісалі рэжым працы, а яшчэ праз два дні жанчына атрымала першую вымову за парушэнне рэжыму. 

Не дазваляюць бачыцца з сям’ёй. Абмежаванні «хатняй хіміі»

Рэгіна прызнаецца, што рэжым «хатняй хіміі» не вельмі адбіўся на яе ранейшых занятках і звычайным яе жыцці, бо яна «чалавек хатні”. Але жанчыне абмежавалі сустрэчы з роднымі і гэта вельмі яе хвалюе: 

«Шкада толькі, што з маёй матуляй мне дазволілі спатканні толькі ў нядзелю ў абед на дзве гадзіны, а ёй 85 год».

Як распавядае Рэгіна, абмежавалі і спатканні з роднай сястрой і матуляй мужа, якой таксама 85 гадоў:

«Ім да мяне можна, а мне  не. А ў нашай сям’і вельмі шмат ёсць традыцыяў, а я зараз не маю магчымасці да іх далучыцца».

Начны медагляд і першае парушэнне рэжыму 

Па словах жанчыны, супрацоўнікі правяраюць выкананне «хатняга рэжыму» часта. Па яе падліках, з 1 снежня па 1 студзеня да яе прыйшлі з праверкай 23 разы.

«Бывае, што пяць-шэсць разоў на тыдзень [прыходзяць з праверкай], у пятніцу-нядзелю правяраюць кожны раз. Бывае, што некалькі разоў за вечар прыходзяць. Прыязджаюць і ўночы, але толькі супрацоўнікі Іўеўскага РАУС. Бо звычайна з праверкамі прыязджаюць супрацоўнікі Дэпартаменту аховы. Яны просяць прабачэння.

Адзін раз супрацоўнік Іўеўскага РАУС у гадзіну ночы вазіў мяне на медыцынскі агляд на наяўнасць у крыві алкаголю. Паказала 00 праміле. Шукаюць матывы, каб паздзекавацца і даць парушэнне.

Я старалася не парушаць рэжым, але ўсё зрабілі так, нібыта я парушыла яго».

Па словах жанчыны, яна атрымала пісьмовы дазвол у інспектара РАУС Варабей Д. С. на тое, каб патрапіць на прыём да старшыні райвыканкама Ігара Генца.

«Прыйшла на прыём, старшыні не было, адзін знаёмы падвез мяне дадому… А там мяне чакаў Стубеда. Прывезлі ў РАУС, маю заяву знайшлі, але усё роўна пакаралі».

Асуджаная атрымала першую вымову за парушэнне рэжыму “хатняй хіміі”.

«Нішто і ніхто не паўплывае на маю пазіцыю»

Рэгіна Лавор не згодная з пакараннем і напісала скаргі ў пракуратуру і Гродзенскае упраўленне ўнутраных справаў.

«Думаю, што ціснуць на мяне, таму што не здаюся. Я дабіваюся, каб яны працавалі, а яны не прывыклі. Інспектар, што мяне кантралюе, не ведае што са мной рабіць, як узгадніць мае звароты, маю працу. Хочуць, каб я знікла, забілася ў куток. Для таго, каб я змаўчала, ім трэба будзе мяне забіць. Мне пяцьдзесят гадоў і нішто і ніхто не паўплывае на маю пазіцыю».