Сёння роўна паўгода, як старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі  Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі за праваабарончую дзейнасць. 14 ліпеня да іх і іншых вясноўцаў з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. З таго дня трое вясноўцаў знаходзяцца пад вартай, а мінскія офісы “Вясны” апячатаныя. Што распавядаюць родныя пра зняволеных вясноўцаў, як іх сем’і сустрэлі Новы год без блізкіх і што самы праваабаронцы пішуць на волю – чытайце ў нашым матэрыяле.

“Справа Вясны”. Што вядома цяпер?

Крымінальную справу супраць вясноўцаў вядзе следчы па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта, маёр юстыцыі Антон Уладзіміравіч Каляга.

Асноўная прэтэнзія дзяржавы да праваабаронцаў – тое, што яны не зарэгістравалі Праваабарончы цэнтр “Вясна”. З гэтага ўлады зрабілі выснову, што вясноўцы ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў, а значыць “здзейснілі ўхіленне ад выплаты сум падаходнага падатку, якія падлягаюць падліку, утрыманню ў падаткаплацельшчыка і пералічэнню ў бюджэт падатковым агентам, шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 па 2020 год у агульнай суме не менш за 113 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў і пацягнула прычыненне шкоды дзяржаве ў буйным памеры”. 

“Ухіліліся ад прызнання «Вясны» падатковым агентам”: за што чатыры месяцы ўтрымліваюць за кратамі трох вясноўцаў

«Вясна» распавядае, у чым абвінавачваюць праваабаронцаў, хто вядзе крымінальную справу супраць іх і чаму пераслед нашых калегаў з’яўляецца палітычна матываваным.

На якой стадыі цяпер знаходзіцца следства па справе, ці вядуцца следчыя дзеянні – невядома, бо адвакаты праваабаронцаў знаходзяцца пад падпіскамі аб неразгалошванні, таму распавесці нічога не могуць нават родным зняволеных. Вясноўцы пра справу таксама не могуць напісаць у лістах, бо іх наўпрост з СІЗА не выпусціць цэнзар.

Офісы “Вясны” ў Мінску на вуліцы Мяржынскага і праспекце Незалежнасці апячатаныя, карыстацца імі нельга.

Дзверы офісу “Вясны” на вуліцы Мяржынскага ў Менску

“Калі ад Алеся не прыходзяць віншаванні, гэта насцярожвае”. Праблемы са здароўем і рэдкія лісты старшыні “Вясны”

Алесь Бяляцкі. Фота: @rightlivelihood

Інфармацыі пра ход справы і следчыя дзеянні з удзелам Алеся Бяляцкага ў родных няма, бо адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Жонка Алеся найбольш хвалюецца за здароўе мужа. Яна распавядае, што за кратамі ў яго абвастрыліся хранічныя хваробы:

“Гэта, верагодна, тыпова для тых, хто знаходзіцца ў зняволенні”.

Акрамя гэтага, цяпер Алесь захварэў, меркавана, на ангіну. Пра хваробу ён сам пісаў у нядаўнім лісце: 

“Я крыху прастыўшы, але не моцна. Спадзяюся, што праз пару дзён мая прастуда скончыцца”.

Па словах жонкі і калегаў старшыні “Вясны”, лісты ад яго прыходзяць рэдка.

“У лістах Алесь узгадвае мінулае, а я пішу, чым жыву цяпер”, – распавядае жонка Алеся пра ліставанне з мужам.

Праваабаронца ў лістах дзеліцца ўспамінамі пра тое, як ён працаваў дырэктарам літаратурнага музея Максіма Багдановіча. За кратамі Алесь адзначыў і 30-годдзе адкрыцця экспазіцыі музея. 

“Вось толькі як адсвяткавалі 130-я ўгодкі з нараджэння Максіма Багдановіча. Я ўвесь лістапад-снежань узгадваў, як 30 гадоў таму мы адчынялі музей Максіма Багдановіча на Траецкім прадмесці. Два гады перад адкрыццём я і мае калегі па музеі працавалі без перадыху. Якое задавальненне і радасць былі, калі музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў. Быў невялікі сюжэцік па БТ пра музей – прыемна было глядзець. Як кажуць, “быў час, была эпоха”. 30 гадоў – нейкія неверагодныя лічбы. Вось так жыццё і мінае”, – піша Алесь пра гэтую важную дату.

Як адзначае жонка палітвязня, да суда на спатканне з мужам яна нават не спадзяецца, таму меркаваць пра тое, як ён выглядае і адчувае сябе, яна не можа. Жонка Алеся спрабуе ўбачыць у ягоных лістах тое, пра што ён не піша словамі. Так яна адзначыла, што цягам гэтых месяцаў змяніўся яго почырк. Аднойчы яна нават падумала, што ліст прыйшоў не ад мужа. Але прыгледзелася і зразумела, што ў Алеся так змяніўся почырк. Яна тлумачыць гэта тым, што ў яго сапсаваўся зрок.

 “Гэта выклікана абставінамі і ўмовамі знаходжання, усімі цяжкасцямі, з якімі сутыкаецца Алесь цяпер”.

Па словах родных Алеся, пра навагоднія святы ён нічога не пісаў:

“Калі ад яго не прыходзяць віншаванні, то гэта насцярожвае”.

Але Алесь у пераднавагоднім лісце напісаў пра свой Дзень народзінаў у верасні, калі яму споўніцца 60 гадоў, і правёў паралель з мінулым юбілеем:

“У вакне, гляджу, рэдкія і вялікія сняжынкі сыплюцца, заўтра – Божае нараджэнне, а там – Новы год. Сумны ён будзе ў расстанні, але – нічога. Пасля зімы будзе вясна і стане вясялей: заспяваюць птушкі, засвеціць сонейка. Наступны год для мяне – юбілейны. Ізноў, мабыць, будзе, як з 50-годдзем”.

Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі сустрэў сваё 50-годдзе ў 2012 годзе ў бабруйскай калоніі. Намеснік старшыні “Вясны” Валянцін Стэфановіч таксама ўзгадвае ў СІЗА-1 другі арышт калегі праз дзесяць гадоў.

“Вельмі хацелася б спадзявацца, што болей не прыйдзецца сустракаць Новы год у турме. Аднак можа быць па-рознаму. Заўсёды ўзгадваю Алеся, які вось другі раз тут апынуўся, а ў наступным годзе яму, між тым, 60 гадоў”, – піша Валянцін у лістах з-за кратаў.

“Дачка, калі бачыць малюнак бацькі, пачынае плакаць”. Аднаўленне пасля хваробы і сум па сям’і Валянціна Стэфановіча

Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч

Пасля затрымання Валянціна Стэфановіча ягоная жонка Аліна з дзецьмі з’ехала ў Грузію, дзе жывуць ужо паўгода. Жонка палітвязня кажа, што адразу не мела ілюзій, што сітуацыя з арыштам мужа хутка вырашыцца і ён апынецца на волі:

“Відавочна, што рэжым проста помсціць праваабаронцам. Гэта помста дзяржавы за дапамогу людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Таму адразу было відавочна, што ўсё не скончыцца нейкай праверкай дзейнасці, напрыклад. Гэтыя дзеянні [арышт праваабаронцаў] былі накіраваныя непасрэдна на ізаляцыю лідараў “Вясны”.

Аліна распавядае, што настрой у Валянціна цяпер нармальны, наколькі гэта магчыма ў зняволенні:

“Ён не губляе аптымізму і добрага настрою. Я думаю, што ён яшчэ падтрымлівае астатніх людзей, якія апынуліся з ім у адной камеры”.

У снежні Валянцін захварэў на пнеўманію. У санчастцы ён правёў каля трох тыдняў. Цяпер яго перавялі ў камеру, у якой ён утрымліваўся да хваробы. Праваабаронца ачуняў і больш не скардзіцца на здароўе. Але, як адзначае сам Валянцін у лістах, пасля пнеўманіі яшчэ нейкі час яму прыйдзецца аднаўляцца і набірацца сіл.

“Ён быў вельмі рады, калі яго перавялі назад у камеру, бо ў санчастцы было сумна. Там не было тэлевізара, не давалі кніг і лісты туды хадзілі кепска”, –  распавядае жонка палітвязня.

Праваабаронца-вясновец Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: “Вось і цяпер мы побач з людзьмі – у турме”

Свой ліст на волю праваабаронца напісаў 11 снежня – на наступны дзень пасля Міжнароднага дня правоў чалавека.

Валянціна з турмы чакаюць 16-гадовы сын Адам, 11-гадовая дачка Яна і Марта, якой толькі чатыры гады. Аліна распавядае, што дзеці дасылаюць бацьку свае малюнкі, а ён, у сваю чаргу, дасылае ім свае:

“Але гэта ўсё цяжка. Старэйшая дачка, калі бачыць малюнак бацькі, пачынае плакаць. На яе накатвае, калі бачыць вестачку ад яго. А меншая дачка плача з ёй за кампанію. Яна не ведае, дзе тата. Думае, што ён у камандзіроўцы. Тым не менш, абедзве сумуюць па тату. Весткі ад бацькі патрэбныя, але гэта ў нас сумнае мерапрыемства, не без слёз”.

Аліна распавядае, што Новы год-2022 – першы ў сям’і Стэфановічаў, які яны сустракаюць без Валянціна.

“Адсутнасць [Валянціна] адчувалася. Для мяне важна захаваць усе рытуалы, таму мы гатавалі імбірнае печыва ў вялікай колькасці, як заўсёды, і вялікую ялінку паставілі, і вячэру гатавалі. Таксама мы разам з дзецьмі пісалі спіс з 12 рэчаў, ад якіх мы хочам пазбавіцца ў наступным годзе. І наша старэйшая дачка першым пунктам напісала “Лукашэнка”, хоць ёй ніхто гэтага не падказваў. Я сама нават здзівілася, наколькі моцна яе гэта кранае. Пасля гэты спіс мы рытуальна палілі на гаўбцы і развеялі на паветры, каб пазбавіцца ад гэтага ўсяго”.

Валянцін, у сваю чаргу, распавёў жонцы пра свой Новы год у засценках “Валадаркі”:

У 22:00 быў адбой і разеткі адключылі, так што навагоднія праграмы і віншаванні ад Рыгорыча мы не глядзелі. Затое ў адчыненае вакно чулі грукат навагодніх феерверкаў і петардаў, якія пачаліся ў 23:34! Вельмі ўжо нам радасна было. Мы ж у самым цэнтры гораду. За вокнамі радасныя людзі святкуюць Новы год. Сумна, канешне, троху было, што мы не са сваімі роднымі зараз. Пажадалі адзін адному апынуцца ў новым годзе на волі. Усе тут вераць у лепшае, нават тыя, каму свецяць вялікія тэрміны. І я веру ў лепшае, у цуды, у тое, што ўсё будзе добра!”

У сваіх лістах Валянцін да жонкі піша, як сумуе па сям’і: 

“Вельмі па вас сумую, мае любыя, самыя дарагія на свеце. Часам такая туга ахоплівае, проста жах, але трэба трываць, нічога не паробіш!”

Вясновец Валянцін Стэфановіч распавёў, як адзначыў Новы год на «Валадарцы»

У першых лістах у новым 2022 годзе вясновец распавядае пра тое, як адзначыў свята на “Валадарцы”, пра віншаванні сукамернікаў і салідарнасць беларусаў з волі.

“Без Уладзя свята ніхто не адчуў”. Праблемы з ліставаннем і здароўем, выхаванне дзяцей праз лісты Уладзіміра Лабковіча

Уладзімір Лабковіч, Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ад ПЦ “Вясна”

Як распавядае маці Уладзіміра Лабковіча Людміла Уладзіміраўна, ліставанне з сынам сапсавалася апошнім часам: яму перадаюць толькі некаторыя лісты ад сям’і. Не аддалі яму нават навагоднія віншаванні. Пра гэта вясновец таксама піша ў паслянавагодніх лістах:

“Я не атрымаў віншаванні са святамі ад Ніны [жонкі], дзетак. Амаль не атрымліваю лісты ад іх. Усе ў камеры чытаюць стосы лістоў. А я  ніводнага”.

За паўгода зняволення ва Уладзя значна пагоршылася здароўе. Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бяссонніцу. Таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Пра настрой сына Людміла Уладзіміраўна адказвае рытарычным пытаннем:

“Які можа быць настрой, калі ўсе Дні народзінаў дзетак і яго любімыя святы праходзяць без яго?”

Уладзя дома чакае дачка і двое хлопцаў-блізнят, якім па 8 гадоў. Праваабаронца ў лістах да калегаў вельмі хвалюецца, што яны растуць без яго і ён не можа прыняць удзел у іх выхаванні. Людміла Уладзіміраўна распавядае, што Уладзь у кожным лісце піша, як любіць іх:

“Ён заўсёды быў добрым сынам, мужам, бацькам, таму хвалюецца, калі хтосьці захварэе. Дзецям ён дае парады, як паводзіць сябе, асабліва хлопцам. У кожным лісце ён піша, што ўсіх вельмі любіць”.

Як адзначае маці Уладзя, дзецям вельмі не хапае бацькі:

“Гэта і зразумела. Хіба нехта можа растлумачыць гістарычную падзею ці распавесці казку так, як тата?”

Па словах Людмілы Уладзіміраўны, навагоднія святы без Уладзя яго сям’я адзначыла вельмі дрэнна:

“Дзецям сабралі падарункі, хадзілі ў цырк і кіно. Але без Уладзя свята ніхто не адчуў”.

Вясновец у лістах калегам распавёў пра тое, як у яго прайшоў вечар 31 снежня:

“Новы год тут не адзначаюць. Мы павячэралі і леглі спаць да 22:00. Гэта і добра. Кожны ляжаў і сумаваў пра сваё”.

https://spring96.org/