Улады заблакавалі сайт праваабарончай арганізацыі Human Constanta за нібыта «распальванне варожасці». 

У паведамленні пракуратуры Менска гаворыцца, што нібыта «на сайце размешчаная недакладная інфармацыя, накіраваная на распаўсюд дэструктыўных настрояў у грамадстве, падрыў аўтарытэту дзейнай улады» і сілавікоў, а таксама паведамленні, якія «распальваюць варожасць».

Беларускую праваабарончую арганізацыю Human Constanta зарэгістравалі ў 2016 годзе ў Менску. Яна працуе з правамі чалавека ў трох асноўных кірунках: абарона правоў чалавека адносна замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, прасоўванне антыдыскрымінацыі і адукацыі ў галіне правоў чалавека, лічбавых свабод і правоў.

Таксама Human Constanta дапамагала ўцекачам і мігрантам. Саму арганізацыю Human Constanta ўлады ліквідавалі ў жніўні 2021 года.