У Гародні лекара-неўролага Аляксандра Цялегу засудзілі да 4 гадоў калоніі. На судзе ён заявіў пра збіццё.

У судзе Ленінскага раёна Гародні 21 студзеня абвесцілі прысуд па крымінальнай справе супраць палітзняволенага неўролага Аляксандра Цялегі. Трэцяга траўня мінулага года Аляксандра затрымалі ў Барысаве за каментары ў сацсетках і змясцілі пад варту ў гарадзенскую турму, дзе ён утрымліваецца і па сённяшні дзень.

На судзе стала вядома, што ён пакінуў 32 каментары ў дачыненні да чыноўнікаў. Ягоныя дзеянні кваліфікавалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 391 (абраза суддзі). На працэсе стала вядома, што адзін з “пацярпелых” па справе збіваў Цялегу пры затрыманні.

У выніку, суддзя Ганна Лявусік прызнала палітвязня вінаватым і асудзіла да 4 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрашваў у суда пракурор Ефімовіч.

Апошняе слова Аляксандра Цялегі:

«Па нейкай выпадковасці адзін з пацярпелых кіраваў фізічнай бокам пытання майго затрымання. Не саромеючыся таго, што ў кватэры знаходзіліся мае бацькі, збіваў мяне ў той час, калі я знаходзіўся лежачы на падлозе і мае рукі былі ў кайданках.

Адзіным, калі гэта можна так назваць, выратаваннем было з’яўленне супрацоўнікаў упраўлення ўласнай бяспекі, перад якім ён станавіўся законапаслухмяным і строга выконваў рэгламент прымянення фізічнай сілы. Калі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі часова выдаляліся, ён зноў карыстаўся момантам, каб зноў адыграцца за свае так званыя маральныя пакуты.

Нават калі я папрасіў адвесці мяне ў прыбіральню ў Барысаўскім РАУС, і тады ён не ўпусціў магчымасці скарыстацца адсутнасцю відэакамер і ззаду цішком ударыў мяне нагой у спіну».