Ну і ж праляцеў нам як не бач ражджэственскі час. Вадохрышча, як апошні акорд калядна-навагодняга трыдууму не пастрашыў нас маразамі пад мінус дваццаць, але за тое напалохаў усіх вятрамі, завейкай, дажджамі і галалёдзіцай. Для метэапатаў ночы пры такім надвор’і, спалучаным з выпадаючай акурат месячнай поўняй, былі немалым выклікам. Запатрабаванне на ўсялякія заспакаяльныя і снатворныя мікстуры і пілюлі ўзрасло ўгару ў карыстанні і продажы. Чутныя за вокнамі енкі, стогны і парывістыя подыхі ветру нарабілі нямала бяды самім людзям, іх маёмасці, прыродзе. Нават побач з нашай рэдакцыяй былі зламаны два старыя дрэвы, што давалі хоць крыху цяньку ў спякотныя, летнія дні ў горадзе цалкам залітым бетонам і асфальтам. І хоць маем надалей зімовы настрой, то сваімі думкамі паблукаю ў іншых кліматах.

Вобраз жыцця, або лепей будзе сказаць смажання, на такой беластоцкай патэльні цягам апошніх дзясяткаў гадоў здаваўся хіба самым галоўным выклікам і ўяўленнем пра адметнасць гарадской інфраструктуры для ўладароў горада Беластока і ахвяравання шчасця ў такім выглядзе яго жыхарам. Нічога, што дастаткова крыху большага дажджу, а наш горад глядзіцца быццам пасля тыдня зацяжнога ліўню. І фільмікі з беластоцкіх вуліц ці падвалаў пасля такіх натуральных, прыродных з’яў заўсёды трапляюць у віртуальную прастору Польшчы. А дзе ж яму, беднаму дажджу, уступіць і сплыць, калі ўсё бетонным і асфальтавым палатном прыкрытае ляжыць. Пэўна неўзабаве ва ўсіх гарадах Польшчы і Еўропы ў імя «рэвіталізацыі прыроды» будуць зрываць за цяжкія мільёны еўра ўсё гэтае покрыва ў рамках змагання з кліматычным пацяпленнем. Хоць крышку раней пры нашай памяці і на нашых вачах у імя гэтак званай «рэвілітызацыі гарадской прасторы» тыя ж самыя брусельскія чыноўнікі прызначалі мільярды еўра, каб заліць усю зямлю суцэльна тым, што маем, напрыклад, на беластоцкім Рынку Касцюшкі і ў іншых месцах нашага горада. А на ўсё гэта трэба насадзіць адзін пры адным, без складу і ладу безліч новых пентхаўсаў, апартаментоўцаў, як іх сёння называюць на сучаснай навамове. Паміж імі адлегласці ўжо такія, што з акна адной кватэры ў другую ў іншым будынку можна выразна пабачыць анатамічныя кшталты суседа ці суседкі. Цяпер гэта аніякі выклік, які раней патрабаваў бінокляў на вачах. Мо некаторыя любяць быць агляданымі, але тады ўжо ў іх нешта не так у галаве.

Думаю, што невыпадкова, апрача гістарычнай спадчыны, Беласток і Гродна — гэта гарады пабрацімы. Уладароў брацкіх гарадоў спалучае і тая бязмежная любоў да шматгадовай бетонафікацыі, не блытаць з беатыфікацыяй, але нешта ва ўзвышэнні аднаго над зямным, звычайным тут ёсць супольнае. Прытым проста атавізм да дрэў і іх водаправодных сістэм набраў тут выразную, аж надта відавочную, шматвяковую, заўзятую традыцыю сялянскага змагання за любы кусочак зямлі. Пілаваць, рубіць, высякаць, а на іх месца збожжа, бульба, сенажаць. Так было раней, але ў генах усё засталося па-старому. Толькі зямлю закрылі пліткай, быццам намагільную памяць. Хай памяць пра свой радавод застаецца пад зямлёю.

Зямля пад босымі нагамі — то ж сапраўдны вобраз для супольнай падляшска-берасцейска-гарадзенскай эпапеі, нас рускіх, і нас польскіх. Перанасычанае яшчэ ўсё інтэнсіўнасцю пахаў поту, хатніх жывёл і дзіка-шалёных натуральных прыродных водараў. Кружылася ў галаве, варушылася неба, уцякала зямля пад нагамі — дзяцінства і маладосць адлятала з вытаптанымі гарадскімі шляхамі. А там ужо без загумення і прыгумення, без свойскай, простай мовы, абы на якім паверсе і каморцы, абы закрыцца і пра паходжанне сваё старацца забыць. І не за сваім тварам заставацца, а проста за другой маскай самастварацца. У нашым выпадку шызафрэнічнае жыццё ў некалькіх грамадска-сямейных вымярэннях цягам аднаго дня. Да чаго можа даводзіць такое, бачым і адчуваем проста на нашых вачах і плячах. Нічога затым дзіўнага, што такімі ж самымі бываюць і ўсе прэзідэнты, мэры, войты, радныя нашых гарадоў, мястэчак, гмін, якім проста да спадобы зраўняць і заліць усё з зямлёю.

Яўген Вапа