Гарадзенца Пятра Анісімовіча 25 студзеня засудзілі да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у так званую “установу папраўчага тыпу”.

Працэс праходзіў у Гарадзенскім раённым судзе. Судзіла Анісімовіча суддзя Жана Сафарэвіч. Пракурорка Іна Кунікава запатрабавала 2 гады абмежавання волі – столькі ж Сафарэвіч і прысудзіла. Акрамя гэтага Анісімовіч абавязаны выплаціць 1000 рублёў “пацярпеламу” міліцыянту.

Крымінальная справа датычыла каментара, які Анісімовіч пакінуў у сацсетцы Одноклассники яшчэ ў жніўні 2020 года. Абражаным сябе палічыў прадстаўнік Кобрынскай міліцыі Віктар Турчыновіч. Міліцыянт на судовым працэсе не прысутнічаў. Пётр Анісімовіч даводзіў на судзе, што ён не зневажаў канкрэтнага прадстаўніка ўлады, а меў на ўвазе ў сваім каментары агульную сітуацыю ў краіне на той момант.

Раней Пятра Анісімовіча судзілі ў тым жа судзе за выяву герба Пагоня на фасадзе ўласнага дома. Тады, 15 траўня 2021 года судддзя Дзмітрый Грышын прысудзіў Анісімовічу 100 базавых велічыць штрафу.