Гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын, прызнаны палітвязнем, ужо 320 дзён знаходзіцца за кратамі.

Жонка палітвязня Вольга Івашына паведамляе: “Дзяніс працягвае спакойна і ўпэўнена трываць у вымушанай ізаляцыі ад нас падчас незаконнага арышту. Час не губляе, знаёміцца з новымі людзьмі (дзякуй адміністрацыі гарадзенскай вязьніцы), чытае пэрыядычныя выданьні, якія для яго выпісаныя. Дарэчы, пэўна ўпершыню за 10 з паловай месяцаў зь яго пачалі патрабаваць квіточкі на падпіску. Ці то ў іх рэгуляваньне нутранага распарадку адбываецца, ці то шукаюць новую нагоду для парушэньня правоў Дзяніса”.

Пасля таго, як у час апошняга змяшчэння ў карцар Дзяніса Івашына гвалтоўна пастрыглі, Вольга Івашына напісала скаргу ў пракуратуру Гарадзенскай вобласьці з мэтай высьвятліць асобу парушальніка правоў Дзяніса і прыцягнуць яго ці іх, калі то была цэлая змова супрацоўнікаў гарадзенскай вязьніцы, да адказнасьці згодна з законам.
Фармальны адказ ёй прыйшоў 22 студзеня з… Дэпартаманту выкананьня пакараньняў па Гарадзенскай вобласьці.

Прадказальна ніякіх парушэньняў не знойдзена. Вольга Івашына пераканана, што сам “адказ” паводле зьместу скарзе не адпавядае. Яна збіраецца адправіць скаргу ў вышэйшую інстанцыю.