Беларускі пісьменнік-публіцыст, літаратурны крытык, грамадскі дзеяч Янка Жамойцін нарадзіўся 28 студзеня 1922 году ў мясцовасці Клімавічы (цяпер частка вёскі Семашкі каля вёскі Голдава, Лідскі раён).

Вясковая сям’я, якая вярнулася з бежанства незадоўга да нараджэння Янкі, мела мянушку “Бацяны”. Маці была краўчыхай, бацька ў няпростых умовах вёў гаспадарку. У сям’і было 6 дзяцей, адзін з якіх – Андрэй – пазней стаў святаром. На пачатку 1930-ых гадоў бацька быў пазбаўлены невялікай пасады і сям’я зазнала нястачу. Сам Янка захварэў на жаўтуху, якая дала вельмі негатыўныя наступствы, хлопчык ледзь не памёр.

Пачаў вучыцца Жамойцін у польскай пачатковай школе ў суседніх Ігнаткаўцах. У 1929-36 гадах вучыўся ў школе ў Скрыбаве і Шчучыне. У Шчучыне ён жыў у настаўніка-беларуса па прозвішчы Гулько, школа была ў кляштары піяраў. У 1936-39 гадах вучыўся ў польскай гімназіі ў Варшаве, вучыцца там было вельмі цяжка, жыў у інтэрнаце. На вакацыях дома нечакана даведаўся, што выключаны з варшаўскага праваслаўнага мітрапольнага інтэрнату. У 1939-41 гадах вучыўся у савецкай дзесяцігодцы ў Лідзе. Там жа напісаў свой першы артыкул у газету “Уперад”.

У час другой сусветнай вайны на акупаванай гітлераўцамі тэрыторыі займаўся арганізацыяй навучання дзяцей на беларускай мове ў Лідскай акрузе. Працаваў настаўнікам у вёсцы Касілаўцы, быў дырэктарам чатарохкласнай беларускай школы. У верасні 1942 паступіў на апошні курс сярэдняй школы ў Наваградку. Там знайшоў сабе сапраўдных сяброў. У 1943 годзе кіраўніцтвам Беларускай незалежніцкай партыі накіраваны ў Саюз беларускай моладзі. Удзельнічаў у працы Другога Усебеларускага кангрэсу ў Менску.

У ліпені 1944 года пакінуў Беларусь, быў у Германіі ў розных лагерах – на ўскрайку Берліна, у Кёльне, у канцы вайны ў Дэсаў. У 1945 годзе пераехаў у Польшчу, жыў у Рыпіне. Арыштоўваўся ў лістападзе 1945-га органамі МГБ, быў зняволены, падвяргаўся катаванням. Потым неспадзявана і нечакана быў адпушчаны на волю. Паехаў у гарадок Пшэворск, дзе быў рэпатрыяцыйны пункт. Пазней закончыў у Лодзі прафесіянальны інстытут права і адміністрацыі (1949 г.). У той час ажаніўся на дзяўчыне паходжаннем з Югаславіі, у сям’і нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Леслаў, Жамойцін планаваў выехаць у Югаславію. У снежні 1949 года арыштаваны ў Польшчы паўторна, вывезены ў Брэст, потым у Мінск, дзе засуджаны на 25 гадоў савецкага канцлагеру. Перад гэтым пракурор патрабаваў расстрэлу. Этапаваны ў канцлагер пад Акмолінскам, потым у Караганду. Вызвалены з ГУЛАГу толькі ў 1956 годзе. Пераехаў у Варшаву ў 1957-ым. Скончыў Варшаўскі ўніверсітэт (1970 г.), атрымаў ступень магістра адміністрацыі. Жыў і працаваў у Варшаве.

Пісаў на беларускай і польскай мовах. Дэбютаваў як літаратурны крытык на старонках “Нівы” у 1965 годзе. Яго пяру належаць шматлікія публікацыі пра паэзію беларускамоўных аўтараў Польшчы, артыкул-даследаванне “Шляхам “Іліяды” Гамера” – пра зроблены Браніславам Тарашкевічам пераклад гэтага твора на беларускую мову, шмат рэпартажаў, эсэ, крытычных артыкулаў. Яны друкаваліся ў “Ніве”, “Беларускім календары”, іншых выданнях у Польшчы. Апублікаваў у 1996 годзе біяграфічную аповесць “З перажытага”.

Памёр Янка Жамойцін 25 красавіка 2003 году пры незвычайных абставінах. Калі ехаў у Беларусь, на памежным пераходзе ў Кузніцы яму стала кепска, сэрца патрыёта спынілася ў Сакольскім шпіталі. Пахаваны Жамойцін у Варшаве.