Маці гарадзенскага палітвязня і журналіста Дзяніса Івашына Людміла лічыць, што для сына створаны ўмовы як ў сталінскіх турмах.

Яму забаронена ліставацца з роднымі і атрымліваць лісты.

Пра сітуацыю распавядае Людміла Івашына:

-135 дзён сёння як мы знаходзімся ў статусе сталінскіх часоў – без права на ліставанне. 135 дзён як Дзянісу забаронена адпраўляць і атрымліваць карэспандэнцыю. Дзякуй Богу, дазволілі атрымліваць пасылкі. Спрабаваў адправіць нам паштоўкі, зразумела, мы іх не атрымалі.

Па словах Людмілы Івашынай, у дачыненні да Дзяніса не вядуцца ніякія следчыя дзеянні:

-З моманту прад’яўлення другога абвінавачання, з верасня, акрамя кідання ў карцар – нічога не робіцца. Наогул.

Дзяніс Івашын знаходзіцца за кратамі ў гарадзенскай турме з сакавіка 2021 года, калі ён быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ. Яму выстаўлены два абвінавачанні – артыкул 365 Крымінальнага кодэкса — Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў і артыкул 356 Крымінальнага кодэкса — Здрада дзяржаве. Дзянісу пагражае да 15 год зняволення.