Сілавыя структуры не спыняюць крымінальных працэсаў у дачыненні мірных грамадзян, усё “злачынства” якіх палягае толькі ў тым, што яны мірным законным шляхам выступілі супраць фальсіфікацыі галасавання на выбарах і ўзурпацыі ўлады.

3 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну прадоўжыцца крымінальны працэс у дачыненні да гарадзенцаў Ігара Пазднякова і Алены Ягорычавай. Яны праходзяць па так званай справе “Молочного мира” (мірны пратэст грамадзянаў 6 верасня 2020 года, за ўдзел у ім незаконна асудзілі ўжо многіх людзей). Мужчыну і жанчыну (яны сямейная пара) затрымалі 30 верасня 2021 году, пасля чаго яны былі ўзятыя пад варту. Пазней праваабаронцы абодвух прызналі палітвязнямі.

Алена Ягорычава мела на той акцыі парасон “няправільных колераў”. На адным з папярэдніх працэсаў пракурор запрасіў яго знішчыць. Ігар Пазднякоў абвінавачваецца паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу, а Алена Ягорычава адразу па двух артыкулах – па тым жа 342-ім, а яшчэ па артыкуле 364.

Пракурор прапанаваў прысудзіць Пазднякову 2 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, а Ягорычавай – ажно 2 з паловай гады калоніі.

3 лютага працэс адновіцца а 14.45 па вуліцы Дубко-9. Магчыма ў гэты дзень будзе абвешчаны і прысуд.