Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, літаратар, псіхіятар, адзін з лідараў БХД Станіслаў Грынкевіч нарадзіўся 2 лютага 1902 года ў вёсцы Новы Двор на Сакольшчыне.

Да беларускага нацыянальнага руху далучыўся вельмі рана, калі вучыўся ў Гродзенскай гімназіі, жыў у свайго дзядзькі, ксяндза і беларускага асветніка Францішка Грынкевіча, арганізатара Гродзенскага гуртка беларускай моладзі (дзеіў у 1909-14 гадах), які ладзіў беларускія аматарскія спектаклі. Пазней вучыўся на медыцынскім факультэце Віленскага універсітэта. У 1920-ых гадах навучаўся ў Чэхаславаччыне. Закончыў Познаньскі універсітэт па спецыяльнасці псіханеўралогія і гігіена. Працаваў у клініках Познані, на Беласточчыне – у лякарні вар’ятаў у Харошчы. З 1938 года жыў у Вільні.

Станіслаў Грынкевіч стаў адным з лідараў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі ў Заходняй Беларусі. Аўтар шматлікіх артыкулаў і брашураў па медыцыне на беларускай і польскай мовах. Як лекар апублікаваў разам са сваёй жонкай Ядвігай Грынкевіч тры выпускі папулярнай навукова-практычнай манаграфіі “Рады хворым і здаровым” (Ч. І—ІІІ., Вільня, 1935-39). У 1936 годзе яго брашура “Асвета” была канфіскаваная паліцыяй, а сам аўтар аштрафаваны і на два тыдні зняволены.

Пра шырыню светагляду, навукова-асветнага, літаратурнага і тэатразнаўчага прафесіяналізму Станіслава Грынкевіча найлепш сведчаць ягоныя кніжкі: “Аб тэатры” (1927), п’еса “Жанімства па радыё” (1927), “Асьвета” (у кніжцы ёсць раздзел “Народны тэатр”, 1936), кніга нарысаў “У братоў украінцаў” (1936), навукова-папулярныя брашуры “Народ” (1927), “Алкагалізм”, аповесць “Царква. Помства. Вязніца” (1928) і “Арлянё” (1927), арыгінальныя артыкулы “Узгадаванне характару” (1928), “Культура і задачы нацыянальнае працы” (1935), “Аб праве на Бацькаўшчыну” (1936), “Псіхааналіз і праблемы – літаратурныя і грамадскія” (1936), “Гігіена псіхічная як праблема асноўных адносінаў да жыцця” (1937), “Трагічны крызіс” (1939) і інш. У псіхіятрыі Грынкевіч быў сярод першых у беларускай і польскай навуцы, хто пазнаёміў грамадскасць з сістэмай псіхааналізу Зыгмунда Фройда і Карла Юнга, з прэтэнзіямі гэтай плыні ў галіне літаратуразнаўства і сацыялогіі. Быў выдатным публіцыстам, супрацоўнікам газеты “Беларуская крыніца”, часопісаў “Калоссе”, “Студэнцкая думка, “Шляхам моладзі”, “Хрысціянская думка”, іншых беларускіх выданняў Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы і ў гады Другой сусветнай вайны. Вывучаў тэалогію, пераклаў на беларускую мову кнігу каталіцкага аскета і містыка Тамаша Кемпійскага “Следам за Хрыстусам” (1934). У грамадскім Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры (1926-36 гг.), верагодна, быў інструктарам і арганізатарам тэатральнага руху, пра гэта сведчыць яго кніга “Аб тэатры”. Супрацаваў з лідарам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Адамам Станкевічам, у 1931-36 гг. выбіраўся віцэ-старшынём гэтай партыі.

У 1939 годзе Грынкевіч быў арыштаваны карнымі органамі савецкай улады, але яму ўдалося ўцячы з цягніка, якім яго перавозілі. У час другой сусветнай вайны – дзеяч канспірацыйнага падпольнага Беларускага Народнага Аб’яднання, быў сувязным з польскім падполлем. Летам 1944 года арыштаваны органамі НКВД. Быў перавезены ў Мінск, пасля ў Магілёў. Паводле адных звестак 25 ліпеня 1945 года расстраляны ў Магілёве, паводле іншых – закатаваны ці памёр у мінскай вязніцы ў 1945-ым ці 1946-ым годзе.