Жонка зняволенага журналіста Дзяніса Івашына – Вольга – адмовілася ісці на допыт у следчы аддзел упраўлення КГБ па Гарадзенскай вобласці і даваць паказанні. На размову ў КГБ яе запрасіў той следчы, які вядзе справу Дзяніса Івашына.

Пра падрабязнасці распавядае Вольга Івашына:

– Следчы выявіў жаданне праз амаль 11 месяцаў палону Дзяніса, убачыць мяне. І ўрэшце мяне дапытаць. Спачатку ён казаў, што рэчы мне хоча аддаць. А пасля высветлілася, што і дапытаць. І нават выслаў мне поштай позву, але я нават атрымаць гэтую позву не паспела да таго моманту, як я мусіла да яго нібы ісці на гэты допыт.

Па словах Вольгі, ім таксама вярнулі частку рэчаў:

-Учора вярнулі частку рэчаў, якую забралі ў сакавіку месяцы мінулага года. Опісу рэчаў не было. Маці правярала паводле пратакола выняцця рэчаў, што аддаюць. Ён аддаў тое, што яму не патрэбна, а астатняе яму спатрэбіцца.

Журналіст Дзяніс Івашын знаходзіцца за кратамі гарадзенскай турмы з сакавіка 2021 года, калі яго затрымалі супрацоўнікі КДБ. Дзянісу прад´явілі два абвінавачанні. Па больш жорсткім яму пагражае да 15 год зняволення.