Сям’ю з Гародні пакаралі за ўдзел у вераснёўскім маршы 2020 года вялікімі тэрмінамі.

У судзе Гародні вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да юрысткі Алены Ягорычавай і слесара Ігара Пазднякова. Палітвязняў абвінавачвалі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК) і гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК).

Паводле абвінавачвання, муж і жонка ўдзельнічалі ў маршы 6 верасня 2020 года, дзе «натхняючы сваімі паводзінамі іншых, станаваліся ў “счэпку”, дэманструючы свой намер аказваць відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».

Алену таксама абвінавачвалі ў гвалце ў дачыненні да амапаўца — нібыта яна «нанесла не менш за адзін удар у вобласць твару і шыі, пасля чаго ажыццявіла захоп правай рукой за маску і шыю пацярпелага, прычыніўшы яму фізічны боль і пабоі».

Суддзя Віталь Лабоцкі прысудзіў Ігару 2,5 года «хіміі», а Алене — 2 гады калоніі.