У еўрапейскім палітычным спісе ганьбы папаўненне. На гэты раз яскрава вызначыўся прэзідэнт Харватыі Зоран Міланавіч. Ён выразна выступіў апалагетам пуцінскай палітыкі, зрабіўшы гучную заяву адносна Украіны. Гэты Міланавіч заявіў, што ў разе ваеннага канфлікту паміж Расеяй і Украінай, Харватыя адкліча сваіх жаўнераў з вайсковага кантынгенту НАТО. І ўвогуле Украіне не месца ў НАТО нават у аддаленай перспектыве. Пры тым ён хітра спаслаўся на высокі ровень карупцыі ва Украіне, што ёсць у прынцыпе праўдай, але не мае дачынення да расейскай пагрозы не толькі Ўкраіне, але і ўсёй Еўропе. І дадаў – павінна быць дасягнутае пагаденне, «якое ўлічвае інтарэсы бяспекі Расеі». Варта сказаць, што на пасаду прэзідэнта яго вылучала левая сацыял-дэмакратычная партыя, якая ўзнікла на базе колішняй камуністычнай партыі. Гэта многае тлумачыць. Пры аказіі можна прыгадаць і ранейшага прэзідэнта Харватыі Калінду Грабар-Кітаравіч, якая красавалася на расейскіх стадыёнах у 2018 годзе ў час чэмпіянату свету па футболе. Тады, напярэдадні, важнейшага чвэрцьфінальнага матчу Расея-Харватыя, Пуцін шчодрай барскай рукой дараваў Харватыі вялікі крэдыт. Застаюся перакананым, што асноўны час той футбольнай сустрэчы быў дамоўным – на нічыю, і толькі ў дадатковы час каманды гулялі ў поўную сілу на перамогу. Але гэта так, дадатковае лірычнае адступленне. Да гонару харвацкіх палітыкаў цяперашні прэм’ер-міністр гэтай краіны Андрэй Пленкавіч папрасіў у Кіева прабачэння за зняважлівыя словы прэзідэнта Міланавіча.

Яшчэ з канца 1990-ых гадоў мінулага стагоддзя Масква рыхтавала сваіх агентаў уплыву практычна ва ўсіх краінах Еўропы. І гэтыя «міланавічы» зараз вылазяць з усіх шчылін, і іх усё больш і больш. Нават у дзяржавах Усходняй і Паўднёвай Еўропы. Бо доўгі час падтрымку і рост агрэсіі пуцінскага рэжыму забяспечвалі нямецкія, французскія і брусэльскія палітыкі. На змену «Гавелам» у Еўропе прыйшлі «земаны». І вось яшчэ адзін, зусім свежы і характэрны выпадак. Канцылярыя прэзідэнта Чэхіі Мілаша Земана, які неаднаразова ў самых розных формах падтрымліваў Пуціна, «выпадкова» знішчыла сакрэтны дакумент аб выбухах на складах узбраення, у якіх абвінавачваюць Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Расеі. Здарылася гэтая гісторыя яшчэ ў 2014 годзе ў Злінскім краі Чэхіі. Тады – у кастрычніку і снежні – адбыліся два асобныя выбухі на складах чэшскай фірмы, якая займалася пастаўкамі ўзбраення для Украіны. У 2021 годзе было афіцыйна канчаткова расследавана і заяўлена пра тое, што здзейснілі гэта супрацоўнікі расейскага ГРУ.

Пад шум пра інтэрвенцыю ва Украіну адбываецца фактычная акупацыя Беларусі, яшчэ цішэй праходзіць захоп Масквой на іншым кантыненце – гаворка тут пра афрыканскія Малі і Буркіна Фасо. Ну а там, куды ўваходзіць Масква – там заўсёды беднасць і голад, бяспраўе і канцлагеры, вайна і смерць. Дастаткова прыгадаць падзел Карэі па трыццаць восьмай паралелі ў 1945 годзе. Што стала з той часткай, куды ўвайшлі амерыканцы, і з той – куды Савецкі саюз – добра вядома. Якім «востравам свабоды» стала Куба – таксама зразумела. Ну а прыклады з найноўшай гісторыі таксама характэрныя – Нікарагуа, Венесуэла, Сірыя, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка. Спіс падуплыўных Маскве краін працягвае папаўняцца.

Больш чым 20 гадоў таму, як толькі Пуцін прыйшоў да ўлады ў Крамлі, беларускія палітыкі, грамадскія лідары на шматлікіх сустрэчах з еўрапейскімі дыпламатамі, аналітыкамі, прадстаўнікамі фондаў цвёрда і выразна казалі, які рэжым будзе развівацца ў Расеі і якую ён будзе несці пагрозу Еўропе і ўсяму свету. Тыя хіталі галовамі і ці нічога не разумелі далей ці працягвалі займацца сваёй рэал-палітык. Пры падтрымцы найперш урадаў Нямеччыны і Францыі Расея вырасла ў сапраўднага монстра і зараз пагражае адначасна ўсяму свету дробнымі войнамі і адной вялікай вайной-катастрофай. А ўсё да чаго дарасла заходняя палітыка – гэта санкцыі, часта бязглуздыя, супраць менскага філіялу крамлёўскага рэжыму. Пры тым санкцыі больш б’юць па людзях, чым па тым філіяле. Сумна ўсё гэта…

Уладзімір Хільмановіч