Жонка палітвязня Дзяніса Івашына Вольга паведаміла, што Следчы камітэт вярнуў частку рэчаў Дзяніса, забраных у час ператрусаў.

Вольга паведамляе наступнае:

“Трошку дзіўна было зноўку трымаць у рукох рэчы, зь якімі думкамі ўжо даўно разьвітаўся: мой навюткі тэлефон Blackberry, падарунак на Дзень народзінаў 4 сакавіка, на якім шчэ асабліва нічога й не было захавана (тыдзень карыстаньня да 12-га); мой старэнькі ноўтбук, акумулятар якога ўжо не трымае зарад ні на каліва, працуе толькі ад сеціва, з налепкамі з часоў БНР-100 ды інш.
Але найдаражэйшымі рэчамі сталі заручальны пярсьцёнак Дзяніса, ягоны срэбны ланцужок з крыжыкам і звычайны невялічкі мэдальёнчык Маці Божай Фацімскай з малітвай па-украінску: “Маріє, без гріха зачата, молись за нас, що до Тебе прибігаемо!”

Вольга Івашына мяркуе, што частковае вяртаньне рэчаў Дзяніса Івашына зьвязанае з папярэднім ліставаньнем скаргамі маці Дзяніса Людмілай Івашынай з упраўленьнем СК:
“Сьледчы камітэт, паводле сталай для дзяржворганаў традыцыі перакідваньня скаргаў, накіраваў яе ў гарадзенскае ўпраўленьне КДБ.А ведамства палітычных зыскаў, вядомае людзям як “КДБ”, і ўласна “сьледчы” Лаўрэнчук, працягнулі рабіць выгляд, што ня ўмеюць чытаць. У адказ на патрабаваньне маці Дзяніса нарэшце павярнуць крэдытную банкаўскую картку Дзяніса, Лаўрэнчук піша пра зусім іншыя карткі і пра тое, што іх нібыта ўжо аддалі.
Наагул да напісаньня першаснае скаргі Людмілу Івашыну прымусілі дзіўныя рэчы, якія адбываліся з плацяжамі па крэдыту: калі штомесяц указваліся розныя сумы для аплаты.
Паглядзем, што на другую скаргу адкажа кіраўнік УКДБ па Гарадзенскай вобласьці”.