Суд Бераставіцы і Бераставіцкага раёна асудзіў 69-гадовую пенсіянерку з Ваўкавыска Галіну Міхальчук да 2,5 года калоніі агульнага рэжыму за каментарыі ў тэлеграм-канале.

Суд Бераставіцкага раёну

Агулам пацярпелыя ацанілі свае маральныя пакуты ў 5000 рублёў — пры гэтым абвінавачаная мае пенсію ў 500 рублеў. Абаронца папрасіла выклікаць пацярпелых на працэс, бо яны не пазначылі, якія менавіта маральныя пакуты перажылі, паведамляюць праваабаронцы.

Суддзя Андрэй Талочка: «Як вы сабе гэта ўяўляеце? Што яны прыедуць, пакуль абед? (смяецца)».

Абаронца: «А што тут такога? 60 кіламетраў. Заяўлена 1500 іскавых патрабаванняў».

Дзяржабвінаваўца Ала Кузьма: «А што, гэта вялікая сума?»

Абаронца: «Што на гэта павінен адказаць абаронца чалавека, які атрымлівае пенсію 500 рублёў?»

Жанчыну судзілі за шэраг каментарыеў, якія негатыўна і зняважліва ацэньвалі Лукашэнку, а таксама зневажалі яго гонар і годнасць.

Таксама пацярпелымі выступілі старшыня Валкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько (адзіны, хто не заявіў іск на кампенсацыю маральнай шкоды), міліцыянткі АМАП Гродзенскага УУС Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч (заявілі іскі па 1000 рублёў), начальнік ППС Валкавыскага РАУС Валерый Раманчык (іск — 1500 рублёў), начальнік Ваўкавыскага РАУС Віталь Асоцкі (іск — 1500 рублёў). 

Таксама, згодна з абвінавачаннем, яна здзейсніла паклёп у дачыненні да былога начальніка ГУБАЗіКа Мікалая Карпянкова, экс-міністра МУС Юрыя Караева, экс-кіраўніцы адміністрацыі Наталлі Качанавай, а таксама міліцыянткі роты ППС Фрунзенскага РАУС Мінска Валуйскай, аднак яны адмовіліся пісаць заявы, паводле якіх мусяць быць заведзеныя крымінальныя справы. 

Жанчына таксама пакідала негатыўныя каментарыі ў дачыненні да іх.

Галіна Іванаўна ў апошнім слове сказала, што пазбаўленне волі стане для яе смяротным прысудам, аднак суддзя Андрэй Талочка прызначыў ёй 2,5 года калоніі.

Суддзя Андрэй Талочка