Сабралі навіны за мінулы тыдзень — з 31 студзеня па 6 лютага — пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (OMCT-FIDH) выказала сваю глыбокую занепакоенасць з нагоды паўторнага ўвядзення крымінальнай адказнасці за ўдзел фізічных асоб у незарэгістраваных НДА, у выніку чаго члены і лідары арганізацый грамадзянскай супольнасці могуць быць заключаныя ў турму на тэрмін да двух гадоў.

Таксама Абсерваторыя заклікала беларускія ўлады ў поўнай меры выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, паважаць і абараняць працу праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый і, нарэшце, неадкладна і безумоўна вызваліць усіх праваабаронцаў, якія ў цяперашні час адвольна затрыманыя у Беларусі, спыніць адміністрацыйны і крымінальны пераслед у дачыненні да іх. 

Новая папраўка ў Крымінальны кодэкс не пакідае месца для легальнай праваабарончай дзейнасці

22 студзеня 2022 года ўступіла ў сілу папраўка ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якая аднаўляе крымінальную адказнасць за асобную дзейнасць у незарэгістраваных НДА па артыкуле 193-1.

Валянцін Стэфановіч: “Смешныя змены, але не было б так смешна, як сумна

Палітзняволены намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч у сваіх лістах выказаўся пра меркаваныя змены ў Канстытуцыю і рэферэндум:

“Я, дарэчы, канешне, азнаёміўся з прапанаванымі зменамі ў «СБ». Смешныя змены, але не было б так смешна, як сумна. Уціснулі ў класічную схему трох галінаў уладаў чацвёртую, якая будзе надзелена мегапаўнамоцтвамі, будзе кантраляваць тры астатнія, але пры гэтым не абіраецца наўпрост грамадзянамі. Вось такая дэмакратыя без выбараў. Асаблівы шлях. Я, калі б быў на волі, проста не хадзіў і не прымаў удзел у гэтым [рэферэндуме].

Ну што тут скажаш, Канстытуцыя будзе яшчэ горшай за тую, што мы маем цяпер. <…> Я б адзначыў такі момант – тое, што “дэмакратыя ў Беларусі будзе ажыццяўляцца на падставе ідэалогіі беларускай дзяржавы”. А што гэта за ідэалогія такая і, самае галоўнае, кім яна сфармуляваная і напісаная? Дэмакратыя мусіць ажыццяўляцца на падставе палітычнага плюралізму і разнастайнасці ідэалогій. Ніякая ідэалогія не можа быць устаноўленай у якасці абавязковай для ўсіх. Гэта вяртанне ў камуністычныя часы. Гэта не тыя перамены, якія патрабавалі і патрабуюць нашыя людзі”.

Валянцін Стэфановіч паведаміў, што меру стрымання пад вартай яму падоўжылі да 14 сакавіка. Ён адзначае, што расследванне па “справе Вясны” можа быць скончанае да траўня.

Валянцін Стэфановіч – пра рэферэндум: «Гэта не тыя перамены, якія патрабуюць нашыя людзі»

Валянцін у нядаўнім лісце з-за кратаў паведаміў, што яму працягнулі меру стрымання да 14 сакавіка і выказаўся пра меркаваныя змены ў Канстытуцыю і рэферэндум.

Уладзімір Лабковіч: “Іншапланецяне вырашылі, што я мушу застацца без лістоў

Палітзняволены Уладзь Лабковіч даслаў ліст з СІЗА-1 ад 25 студзеня. У ім ён піша, што лісты да яго амаль не даходзяць, хоць і ведае, што яму пішуць родныя, калегі і неабыякавыя людзі. Таксама Уладзь распавядае, што ўжо два тыдні (з 11 студзеня) спіць толькі па дзве гадзіны ў суткі, а галава бесперапынна баліць ужо месяцы тры.

“Лісты не даходзяць зусім. Іншапланецяне вырашылі, што я мушу застацца ў гэтай касмічнай бездані і цемры без лістоў. Мне трапляе толькі па аднаму лісту ад мамы і Ніны [жонкі].

Вось ужо два тыдні [прайшло] з апошняга ліста ад іншых (з 11 студзеня). І вось мы стаім і ўзіраемся ў чорную дзіру і спрабуем дакрычацца. Але ў гэтай дзіры знікае ўсё: мары, надзеі, час, цяпло”.

Вясноўцу Уладзю Лабковічу блакуюць ліставанне

Палітзняволены юрыст “Вясны” і каардынатар кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч, які ўтрымліваецца за кратамі амаль сем месяцаў, даслаў ліст з СІЗА-1.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад старшыні “Вясны” Алеся Бяляцкага

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Леанід Судаленка: “Нашто ўладзе ўсе гэтыя ліпавыя прысуды, якія дакладна будуць адменены?”

Праваабаронца “Вясны” з Гомеля Леанід Судаленка ў лісце з турмы ўзгадвае пагадзінна падзеі дня свайго затрымання і дзеліцца думкамі наконт судовай сістэмы ў Беларусі на прыкладзе сваёй справы.

“Узнікае пытанне — нашто ўладзе ўсе гэтыя ліпавыя прысуды, якія дакладна будуць адменены? Бо, нават у СССР пры моцнай КПСС, палітычных рэпрэсаваных рэабілітавалі. Зараз іншы час і думаю гэта адбудзецца хутчэй.

Значыць, трэба дзень прастаяць, ды ноч пратрымацца. Іншага тлумачэння таму, што адбываецца ў Беларусі, калі ў краіне ўжо за тысячу палітычных, я не бачу.

Думаю, пройдзе яшчэ гэтая мітусня вакол Канстытуцыі, і да восені пытанне палітычных усё роўна давядзецца вырашаць. Таму, думаю, да восені ўсе палітычныя будуць дома”.

Леанід Судаленка: «Думаю, да восені ўсе палітычныя будуць дома»

У гадавіну свайго арышту і змяшчэння ў СІЗА №3 Гомеля Леанід Судаленка ў лісце з турмы гамяльчанцы Тамары ўзгадвае пагадзінна падзеі таго дня і дзеліцца думкамі наконт судовай сістэмы ў Беларусі на прыкладзе сваёй справы.

Падтрымайце Леаніда:ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. ВіцьбаЛеаніду Леанідавічу Судаленку

Таццяна Ласіца: “Магчыма паеду туды ў пачатку або сярэдзіне лютага

Палітзняволеная валанцёрка “Вясны” з Рэчыцы Таццяна Ласіца даслала з-за кратаў ліст, у якім распавяла, што рыхтуецца да этапу ў папраўчую калонію:

“Калі буду на ПК яшчэ не ведаю, магчыма паеду туды ў пачатку або сярэдзіне лютага. Таму я б хацела атрымаць лісты да ад’езду, але не хвалюйся, калі я іх не атрымаю тут, то іх мне перашлюць туды. <…>

У мяне за год назапасілася рэчаў, не ведаю, усё гэта трэба вазіць з сабой…

Там свае правілы і патрабаванні, што дазволяць пакінуць, што проста выкінуць прыйдзецца. Ці змагу там пісаць лісты, ці будзе час… не ведаю. Ёсць магчымасць, кажуць, тэлефанаваць сваякам, нават праз скайп або вайбер на выбар”.

Таксама Таццяна дзякуе за падтрымку ў лістах, дасланыя пасылкі і пераводы.

Падтрымайце Таццяну:СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1АТаццяне Леанідаўне Ласіцы

Нагадаем, у хуткім часе стане вядомая дата суда ў дачыненні Марфы РабковайАндрэя Чапюка і яшчэ 9 палітвязняў. Справа будзе разглядацца ў Мінскім гарадскім судзе. 

На жаль, навінаў ад Марфы і Андрэя за мінулы тыдзень не было.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Як падтрымаць “вясноўцаў”?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу.