На беластоцка-падляшскім панадворку не сціхае палітычная вятруга, звязаная з ідэяй аб’яднання ў Беластоку ў адзін комплекс школ беларускага садка № 14 з пачатковай школай № 4, у якой таксама вядзецца навучанне беларускай мове як дадатковага прадмета. Пра тое, што дзеецца вакол гэтай справы пішуць і цікавяцца ўжо не толькі беларускія арганізацыі, медыя, але і штораз больш увагі пачынаюць ёй адводзіць і польскія журналісты, ці неабыякавыя грамадзяне горада, і краіны. Здаецца, што неўзабаве справа ляжа ценем і прыцягне ўвагу да таго, што дзеецца ў Беластоку, не толькі ў агульнапольскім медыйна-палітычным вымярэнні, але і выбухне міжнародным скандалам не толькі ўсебеларускага фармату.

Пішу пра гэта зараз, дзьмухаючы яшчэ на халоднае, але проста шалёная заўзятасць у гэтай справе экуменічна-эканамічных віцэ-прэзідэнтаў горада Рафала Рудніцкага і Адама Мусюка пярэчыць проста здароваму розуму, іх сапраўднай адказнасці за лёс наймалодшых беластачан і браку якой-колечы пашаны для ўсіх бацькоў. Саюз такога дуумвірату, які не мае нічога супольнага з грамадзянскім жыццём жыхароў горада і неад’емнымі для нас дэмакратычнымі правамі, з’яўляецца вялікай пагрозай для самога сэнсу дэмакратыі і разумення самаўрадавай улады. Таму, здаецца, лепей было б, каб былы журналіст, а зараз віцэ-прэзідэнт горада Рафал Рудніцкі ў сваім адказе на ліст Аб’яднання бацькоў дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову АБ-БА не тлумачыў усім паходжанне і значэнне слова „эканомія”, але спачатку з карысцю для самога сябе, горада і яго жыхароў пакорліва асвяжыў якаснае і семантычнае паходжанне, таксама з грэчаскай мовы слова „дэмакратыя”. Можа кіраўніцтва горада яшчэ не разумее, але для прэзідэнта горада Тадэвуша Трускаляскага і яго чыноўніцкага вобразу ідуць не найлепшыя часы ў медыйным і грамадскім успрыняцці ў выпадку падтрымліання такога неапраўданага нічым рашэння.  

Мы, як беларусы і жыхары гэтага, нашага горада #Bяłystok, маем таксама права на тое, каб улады горада рашалі праблемы яго беларускіх жыхароў з іх рэальнымі патрабаваннямі і спадзяваннямі. Дзе ўсе беларусы як меншасць, ці штораз большая дыяспара, плацім падаткі, вядзем бізнесы, самаарганізацыйную дзейнасць, за якую, калі няма падзякі, то прынамсі ў адкрытую не ставіцца палак у колы, каб не ехалі. Пад маім папярэднім, ніўскім фельетонам на гэтую тэму, апублікаваным на сайце Радыё Рацыя racyja.com быў пакінуты такі каментарый: «Улады Польшчы запрашаюць тысячы IT-спецыялістаў з Беларусі праз праграму Poland Business Harbor. Разумеючы, што гэта перспектыўныя падаткаплацельшчыкі, якія прывозяць свае працоўныя месцы ў Польшчу, развіваюць IT галіну краіны. Улады ж Беластока сваімі дзеяннямі свядома штурхаюць тых нешматлікіх айцішнікаў, што шукаюць беларускасць і беларускую адукацыю ў іншыя гарады. Чым іншым Беласток можа прывабіць беларускіх айцішнікаў? Я адзіны са 100 калег пераехаў у Беласток, бо спадзяваўся вадзіць дачку ў беларускі садок. Маю дзясяткі калег, якія пераехалі ў Вільню, бо там ёсць школа з беларускай мовай навучання. А маглі б у Беласток, калі б тут такая была».  

Нахабства ўлады ў дачыненні да сваіх жыхароў і выбаршчыкаў проста выліваецца зараз з кожнага вербальнага ці пісьмовага выказвання ўладароў беластоцкага магістрата ў адрас што раз больш сфрустраваных бацькоў і ўсяго беларускага асяроддзя ў Польшчы. Ці ж не бачаць яны і не разумеюць, што менавіта ў цэлай напружанасці польска-беларускіх суадносін такімі закалотамі проста на талерцы дараць чарговыя аргументы для мінска-маскоўскіх прапагандыстаў? От так сабе і з нічога?! То хіба не той Беласток з рэкламных буклетаў і на кожным кроку выказванняў пра шматкультурнасць і магчымасці для яе развіцця? Хаця ў рэальнасці за тымі словамі зашмат канкрэтаў не стаяла.  

Мой польскі сябра, журналіст-гісторык, які спецыялізуецца ў пытаннях сённяшняга Усходу, не з наіўнасці, але з вопыту запытаў мне наўпрост: «А мо цяпер у такі цяжкі час у гэтай частцы свету, хтосьці хоча рабіць такім чынам чарговую правакацыю ці сабатаж? І з дапамогай асабістых амбіцый тых самаўрадавых сланоў, як у той краме з парцэлянай, нарабіць бяды зараз і на наступныя гады?» А ж не хочацца верыць у такое.  

Яўген Вапа, тыднёвік „Ніва”, №7, 2022 г.