Палітзняволеная Вольга Маёрава напісала ў лісце да сына, што з яе знялі абвінавачанні за «акт тэрарызму», паведамляе «Новы час».

Раней такое ж абвінавачанне знялі з яшчэ аднаго фігуранта «справы Аўтуховіча» — Уладзіміра Гундара.

«Вось толькі нядаўна адправіла табе ліст з нумарамі артыкулаў УК РБ, што мне ў выніку інкрымінуюць, і паведамленне пра новага бясплатнага адваката. […] , думаю, што хопіць і астатніх шасці, што засталіся», — піша палітзняволеная. Вольгу Маёраву затрымалі 4 студзеня 2021 года ў яе доме ў вёсцы Нача Крупскага раёна па так званай «справе Міколы Аўтуховіча».  І з таго часу яна за кратамі: спачатку ў СІЗА КДБ у Мінску, а пасля — у турме ў Гародні. Маёравай 55 гадоў.

Маёравай інкрымінаваныя наступныя артыкулы:

  • частка 2 арт. 285 — Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме;
  • частка 3 арт. 130-1 — Дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб, або якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы;
  • частка 4 арт. 295 — Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай;
  • частка 3 арт. 361 — Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт;
  • частка 2 арт. 257 — Падман спажыўцоў, учынены групай асоб па папярэдняй змове, або асобай, раней судзімай за падман спажыўцоў, або ў буйным памеры;

Ліставаць ёй трэба на адрас: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Вользе Уладзіміраўне Маёравай.