На сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН з’явіўся афіцыйны адказ урада Беларусі на запыт чатырох Спецыяльных дакладчыкаў па факце вобшукаў і затрыманняў праваабаронцаў, прадстаўнікоў НДА і незалежных СМІ, здзейсненых у ліпені 2021 года.

Запыт ураду быў дасланы яшчэ 7 верасня спецдакладчыкамі па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, па пытанні аб палажэнні праваабаронцаў Мэры Лолар, па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Ірэн Хан і па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый Клеман Ньялятсосі Вуль. У ім шэраг пытанняў тычыўся затрыманых праваабаронцаў і сябраў “Вясны” Алеся БяляцкагаВалянціна СтэфановічаУладзіміра ЛабковічаАндрэя ПалудыСяргея СысаАлены ЛапцёнакВіктара СазонаваАлега МацкевічаАлеся КапуцкагаАндрэя Мядзведзева, затрыманых 14 ліпеня 2021 года, а таксама каардынатаркі Валанцёрскай службы “Вясны” Марфы Рабковай, затрыманай 17 верасня 2020 года.

Спецдакладчыкі прасілі ўрад прадставіць інфармацыю пра фактычныя падставы арышту і абвінавачванняў, высунутых супраць праваабаронцаў “Вясны”, згаданых у паведамленні, і растлумачыць, як гэта адпавядае узятым Беларуссю абавязацельствам па міжнародным праве, уключаючы права звязацца з законным прадстаўніком і членамі сям’і падчас утрымання пад вартай. Прадстаўнікі ААН настойвалі на тлумачэнні таго, чаму Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч не былі вызваленыя пасля першапачатковага 72-гадзіннага перыяду ўтрымання пад вартай.

Што тычыцца Марфы Рабковай, то спецдакладчыкаў хвалявала, што праваабаронцы не прадастаўляецца медыцынская дапамога, і цікавіла, якія стандарты абыходжання прымяняюцца ў дачыненні да яе і ўсіх асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай на працягу 72 гадзін.

Таксама ўрад прасілі растлумачыць, якія меры прымаюцца для забеспячэння таго, каб праваабаронцы маглі выконваць сваю працу ў Беларусі ў бяспечных умовах, без пагрозаў, запалохвання або помсты за сваю законную праваабарончую дзейнасць.

У афіцыйным адказе з боку ўладаў Беларусі адзначаецца, што Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы і абвінавачаныя па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса, у дачыненні да іх была абраная мера стрымання – заключэнне пад вартай, а ўтрымліваюцца яны ў СІЗА ў адпаведных з устаноўленымі патрабаваннямі ўмовах, іх правы, у тым ліку на камунікацыю з адвакатамі, выконваюцца.

“Улады забяспечылі ўдзел абаронцаў у правядзенні працэсуальных дзеянняў, якія, згодна з беларускім заканадаўствам, павінны праводзіцца з іх удзелам. <…>

У орган крымінальнага пераследу не паступала скаргаў аб тым, што абаронцы не дапускаліся да ўдзелу ў следчых дзеяннях, якія праводзяцца з удзелам іх падабаронных, або ім было адмоўлена ў доступе ў следчыя ізалятары для канфідэнцыйных гутарак з падабароннымі, якія змяшчаюцца там.

Расследаванне праводзіцца ў адпаведнасці з законам. Крымінальная пераслед вышэйзгаданых асоб заснаваны выключна на учыненых імі супрацьпраўных дзеяннях і не звязаны з іх грамадска-палітычнымі поглядамі або працай па прасоўванні правоў чалавека, – падкрэсліваецца ў адказе ўрада.

“Ухіліліся ад прызнання «Вясны» падатковым агентам”: за што ўтрымліваюць за кратамі трох вясноўцаў

«Вясна» распавядае, у чым абвінавачваюць праваабаронцаў, хто вядзе крымінальную справу супраць іх і чаму пераслед нашых калегаў з’яўляецца палітычна матываваным.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі запэўніваюць спецдакладчыкаў, што ў ходзе расследвання крымінальнай справы Марфе Рабковай былі растлумачаныя яе працэсуальныя правы, і гэтыя правы, уключаючы права на абарону і права на абскарджанне рашэнняў аб затрыманні і прымяненні мер стрымання, былі выкананыя.

Абвінавачаная і яе абаронца двойчы абскардзілі ў судзе прымяненне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай. Пры гэтым, згодна з ч. 2 арт. 145 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса скарга на рашэнне суддзі аб адмове ў задавальненні хадайніцтва аб вызваленні можа быць пададзеная ў вышэйстаячы суд на працягу 24 гадзін з моманту прыняцця рашэння. Аднак Рабкова не скарысталася сваім правам такога абскарджвання.

Па даручэнні Генеральнай пракуратуры пракуратурай г. Мінска была праведзеная праверка выканання парадку і ўмоў утрымання Марыі Рабковай у СІЗА-1. Абвінавачаная ўтрымліваецца ў чатырохмясцовай камеры, абсталяванай у адпаведнасці з правіламі ўнутранага распарадку следчых ізалятараў: яна забяспечаная ложкам, матрацам, пасцельнай бялізнай, посудам і сталовымі прыборамі. Таксама ёй забяспечаныя штодзённыя прагулкі працягласцю не менш двух гадзін, васьмігадзінны сон ноччу, трохразовае харчаванне, дастатковую для падтрымання здароўя і сіл, у адпаведнасці з нормамі, усталяванымі Ўрадам Беларусі, і магчымасць прымаць душ не радзей аднаго разу ў тыдзень працягласцю не менш за 15 хвілін. Пасцельная бялізна мяняецца раз у тыдзень.

“Ад сп-ні Рабковай не паступала скаргаў на працэдуры і ўмовы ўтрымання пад вартай, уключаючы прадастаўленне належнай медыцынскай дапамогі і прадастаўленне права на кансультацыю з абаронцам або права на адпраўку і атрыманне карэспандэнцыі і іншых паведамленняў. <…>

Такім чынам, сп-ня Рабкова падазраецца ў здзяйсненні на тэрыторыі Беларусі і іншых дзяржаў крымінальных злачынстваў, якія караюцца па заканадаўстве Беларусі, незалежна ад прафесійнай або грамадскай дзейнасці дадзенай асобы. Канчатковая прававая ацэнка дзеянняў сп-ні Рабковай будзе дадзена па выніках расследавання”.

Нагадаем, праваабаронцы “Вясны” Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч былі затрыманыя 14 ліпеня 2021 года і з той пары знаходзяцца пад вартай у СІЗА-1. 
Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года і на дадзены момант абвінавачваецца па 10 артыкулах крымільнага кодэкса, ёй пагражае да 20 год зняволення. 

Падтрымайце “вясноўцаў” лістамі салідарнасці:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Марыі Аляксандраўне Рабковай