Славуты мастак, кампазітар, піяніст, пісьменнік, удзельнік паўстання 1830 года Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў вёсцы Варацэвічы (Янаўскі р-н).

У бацькоўскім доме Напалеон Орда атрымаў добрую пачатковую адукацыю і ў 12 гадоў быў прыняты ў вядомую ў той час Сьвіслацкую гімназію.

Варацэвічы, сядзіба Ордаў

3 1823 года вучыўся ў Віленскім універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце і адначасна наведваў мастацкія кафедры гравюры, скульптуры, жывапісу і малюнка. Скончыць універсітэт яму не давялося – у 1827 годзе Напалеон Орда быў выключаны за прыналежнасць да тайнага студэнцкага таварыства “Заране”, сябры якога марылі пра незалежнасць Рэчы Паспалітай.

Калі пачалося паўстанне 1830 года, Напалеон Орда ўжо служыў у коннай гвардыі Літоўскага корпуса. Пасля падаўлення паўстання ён быў змушаны эміграваць. Прайшоўшы праз Аўстрыю, Італію, Швайцарыю, Напалеон Орда ў 1833 годзе апынуўся ў Парыжы, дзе пазнаёміўся са славутым Ф. Шапэнам і з вялікім задавальненнем вучыўся ў яго музыцы і кампазітарскаму майстэрству. Асаблівых поспехаў Напалеон Орда дасягнуў у ігры на фартэпіяна. У 1838 годзе па ініцыятыве Напалеона Орды ў Парыжы быў выпушчаны “Музычны альбом”, у які ўвайшлі творы беларускіх і польскіх кампазітараў. Праз некаторы час былі выдадзены яго ўласныя фартэпіянныя сачыненні (паланэзы, вальсы, серэнады, мазуркі, калыханкі), ухваленыя Ф, Шапэнам і Ф. Лістам, выйшлі ў свет рамансы і песні Орды на словы С. Вітвіцкага і А. Плуга. Пра высокі аўтарытэт Напалеона Орды ў музычных і тэатральных колах Парыжа, шырокае прызнанне яго творчых і арганізатарскіх здольнасцяў сведчыць той факт, што ў 1843 годзе яго запрасілі на пасаду дырэктара Італійскай оперы, аднаго з самых вядомых музычных тэатраў.

Актыўнай была і педагагічная дзейнасць Напалеона Орды. У сярэдзіне 1850-ых гадоў ён напісаў “Граматыку польскай мовы” і выдаў яе ў Парыжы, затым у Берліне і ў Варшаве. Мастацкую адукацыю Н. Орда атрымаў у студыі П. Жырара, майстра архітэктурнага пейзажа.

Пасля абвешчання амністыі ў 1856 годзе Напалеон Орда вярнуўся ў Варацэвічы. Згодна з даўнім рашэннем суда маёнтак быў канфіскаваны і прададзены. I ўсё ж, нягледзячы на цяжкасці, перыяд жыцця на радзіме аказаўся для Напалеона Орды сама плённым. Менавіта тут ён ажыццявіў сваю запаветную мару і стварыў унікальную энцыклапедыю ў малюнках ХІХ-вяковай гісторыі Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны.

Помнік Напалеону Орду ў Янаве

Пачынаючы з 1873 года Напалеон Орда паспеў стварыць 8 серый альбомаў літаграфій сваіх архітэктурных пейзажаў. Яны носяць не толькі ілюстрацыйны характар, многія з іх перадаюць хараство і былую моц замкаў, умацаванняў, паэтычнасць сядзіб і паркаў (“Мір”, “Крэва”, “Ружаны”, “Белая вежа”, “Пінск”, “Лагойск”, “Завоссе” і іншыя). Дзякуючы гэтаму нястомнаму тытану творчасціякі з дакументальнай дакладнасцю і рамантычнай узнёсласцю маляваў нашу Бацькаўшчыну, мы можам уявіць, як выглядалі многія архітэктурныя помнікі і мясціны, якія знішчыліся або непазнавальна змяніліся за гэты час.

Дом Макавельскай у Гародні

У 1830 годзе Напалеон Орда служыў салдатам у расейскай коннай гвардыі Літоўскага корпуса, а калі выбухнула паўстанне, стаў у шэрагі паўстанцаў. За асабістую мужнасць ён атрымаў самую высокую ўзнагароду – Залаты Крыж Virtuti Militari, але як афіцэр (у корпусе Гераніма Рамарыны яму далі званне капітана), што здрадзіў прысязе расейскаму прастолу, быў прыгавораны да пакарання смерцю і таму мусіў уцякаць за мяжу. 

Памёр Напалеон Орда 26 красавіка 1883 года ў Варшаве. Пахаваны ў родавым склепе ў Янаве.

Мемарыяльны знак на месцы пахавання

У гонар Напалеона Орды названы вуліцы ў Менску, Гародні і Берасьці. У 1997 годзе ў горадзе Іванава (Берасьцейская вобласць) яму ўстаноўлены помнік. У роднай вёсцы мастака і кампазітара знаходзіцца музей-галерэя імя Напалеона Орды. Выданыя альбомы яго твораў.

Будынак музея ў Варацэвічах
Памятная манета ў гонар Орды
Паштовая марка
Альбом, выданы ў Менску ў 2001 годзе