У гэтым месяцы спаўняеццца 70 гадоў з дня смерці ў савецкім канцлагеры беларускага рэлігійнага і грамадска-культурнага дзеяча, генерала ордэну марыянаў Андрэя Цікоты. Памёр ён ці 11-га ці 13-га ці 21-га лютага 1952 года.

Адзін з творцаў беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя, душпастыр і педагог Андрэй Цікота нарадзіўся 5 снежня 1891 года на хутары Плавушка (непадалёк Жодзішак, Смаргонскі раён).

Дом Цікотаў у Плавушцы

Андрэй Цікота ў школе вучыўся ў Ашмянах, затым у Віленскай рыма-каталіцкай семінарыі (1909-1913 гг.), Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбурзе (1913-1917). У час вучобы ў семінарыі і акадэміі ўдзельнічаў у працы беларускіх студэнцкіх гурткоў.

13 чэрвеня 1913 года Андрэй Цікота быў высвечаны на святара. У 1917 годзе ён вяртаецца ў Беларусь, святарыць у Маладэчне, Вялейцы, Будславе. Святар актыўна далучаецца да грамадскага жыцця, а ў 1917 годзе ўдзельнічае ў Першым з’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Менску, з’яўляецца сябрам Саюза ксяндзоў-беларусаў. У 1918 годзе Андрэй Цікота працаваў прафесарам у Менскай духоўнай семінарыі. У тым жа годзе ён абіраецца ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас польска-савецкай вайны бальшавікі бралі Андрэя Цікоту ў закладнікі, але яму пашанцавала і яго выпусцілі.

У 1920 годзе Андрэй Цікота ўступае ў Ордэн айцоў марыянаў і хутка ў Друі, пры фінансавай дапамозе Магдалены Радзівіл, засноўвае мужчынскі манастыр марыянаў і жаночы манастыр Сясцёр Служэбніц Езуса ў Эўхарыстыі (эўхарыстак). У 1933 годзе а. Андрэй Цікота абраны генеральным суперыёрам Ордэна айцоў марыянаў і жыве ў час выканання абавязкаў генерала закону ў Рыме. Ён становіцца рэлігійным дзеячам міжнароднага маштабу.

У 1939 годзе а. Андрэй Цікота быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для ўніятаў Маньчжурыі і выехаў на місію.Але хутка быў арыштаваны кітайскай камуністычнай міліцыяй і 25 снежня разам з чатырма іншымі святарамі быў перададзены савецкім органам. З 27 снежня знаходзіўся ў папярэднім зняволенні ў Чыце, паводле сведчанняў, паводзіў сябе на следстве мужна, падвяргаўся катаванням. Прыклад а. Андрэя Цікоты заахвоціў аднаго з святароў адмовіцца ад адрачэння ад Бога і Царквы, да якога яго змусіў следчы. У час допытаў у Чыцінскай турме архімандрыту Андрэю Цікоту прапаноўвалі перайсці ў праваслаўе, але ён катэгарычна адмовіўся ад гэтага.

28 верасня 1949 года архімандрыт Андрэй Цікота быў завочна звінавачаны ў арганізацыі тэрарыстычнай групоўкі ў ліцэі Святога Мікалая ў Харбіне, антысавецкай агітацыі і шпіянажы на карысць Ватыкану і Японіі. Яму і ўсім харбінскім місіянерам прысудзілі 25 гадоў зняволення ў лагеры. Праз Іркуцк яго накіравалі ў “Ангарлаг”, спачатку у Тайшэт на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. Адтуль 19 студзеня 1950 года яго забралі і перавезлі ў Чукшу. З красавіка 1951 года святар адбываў пакаранне ў лагпункце Нова-Чунка Шыткінскага раёна Іркуцкай вобласці. З чэрвеня 1951 года яго зноў вярнулі адбываць пакаранне ў Тайшэт. Увесь гэты час ён быў цяжка хворы, а перад смерцю, паводле ўспамінаў іншых зняволеных, пазбаўлены медыцынскай дапамогі.

Цікота ў канцлагеры

Савецкія ўлады, ведаючы вялікі духоўны аўтарытэт і здольнасці Андрэя Цікоты, прапаноўвалі яму пасаду першага ў Беларусі мітрапаліта незалежнай ад Ватыкана Каталіцкай Царквы. Не зважаючы на моцна падарванае ў турэмных умовах і ў выніку допытаў здароўе, архімандрыт Цікота рашуча адкінуў гэту правакацыйную прапанову.

Ліст сястры Юліі Кадышэўскай у МУС СССР у справе росшуку архімандрыта А. Цікоты, 1953 г.

Памёр Андрэй Цікота ў зняволенні ў шпіталі № 38 (Чукша, другі аддзел) асобага лагеру № 7 “Озерлагу” (для палітвязняў). Пахаваны на шпітальных лагерных могілках у ваколіцах Брацка Іркуцкай вобласці.

Крыж на магіле Цікоты пад Тайшэтам

На радзіме святара на могілках у Жодзішках, побач з магілай старэйшага брата Фелікса Цікоты – дзеяча беларускага руху, гарадзенскімі грэка-каталікамі ўсталяваны і 1 лістапада 2003 года асвечаны сімвалічны памятны крыж архімандрыту Андрэю Цікоту. Яго вырабіў каваль-мастак Юрась Мацко, а скульптар Уладзімір Панцялееў выканаў на камені барэльефную шыльду.

Сімвалічны крыж побач з магілай брата