Гімназія № 6 у Гродне цяпер будзе насіць імя Фелікса Дзяржынскага. Пра гэта 12 лютага расказаў дзяржаўны тэлеканал «Гродно Плюс».

Бюст Дзяржынскага стаяў каля гімназіі ўжо вельмі даўно, пару гадоў таму ўлады правялі яго маштабную рэканструкцыю. А зараз гімназіі “выпала шчасце” насіць імя “жалезнага Фелікса”, крывавага паплечніка Леніна.

Паводле дырэктаркі гімназіі Таццяны Махнач, ідэя даць такое імя ўстанове з’явілася яшчэ ў 1983 годзе, а пасля цягам больш як 30 гадоў вялася «даследчая праца».

Выглядае, што падобных выпадкаў трэба чакаць і надалей, бо тэлеканал кажа, што гэтым самым займаюцца і іншыя адукацыйныя ўстановы: «канцэпцыяй нэймінгу і стварэннем уласнага адрознага брэнду школы, гімназіі і ліцэі займаліся цягам чатырох месяцаў».

Дзяржынскі, нараджэнец цяперашняга Валожынскага раёна, ведамы як расейскі рэвалюцыянер і савецкі дзяржаўны дзеяч, заснавальнік ЧК. Ён адзін з распрацоўшчыкаў і кіраўнікоў крывавага чырвонага тэрору, разгорнутага падчас грамадзянскай вайны ў Расеі. Колькасць яго ахвяраў ацэньваюць у 1,2-2 мільёна чалавек.