Беларускі публіцыст і перакладчык Напалеон Чарноцкі нарадзіўся 13 ліпеня 1866 году ў маёнтку Нач-Брындзоўская (цяпер вёска Нача Ляхавіцкага раёну). Паходзіў з вядомага шляхецкага роду, выхоўваўся ў вольналюбівых і патрыятычных традыцыях. У 1887-ым годзе скончыў Слуцкую гімназію, быў сябрам самаадукацыйнага гуртка. У гэты ж перыяд азнаёміўся з рускай рэвалюцыйнай літаратурай, польскім саццялістычным друкам. Некалькі гадоў працаваў бібліятэкарам школьнай бібліятэкі, у якой таксама ўтварыўся нефармальны гурток. У 1889-95 гадах Чарноцкі вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэту, уваходзіў у тайныя гурткі сацыялістычнай скіраванасці, далучыўся да студэнцкага рэвалюцыйнага руху. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у 1890 годзечасова выключаны з універсітэту і высланы пад нагляд паліцыі на радзіму ў маёнтак бацькі.

З 1895 году працаваў лекарам у мястэчках Ліпнішкі і Мір. Усталяваў сувязь з тайнай друкарняй сацыялістаў. У час расійска-японскай вайны 1904-05 гадоў як лекар мабілізаваны на Манчжурскі фронт. У 1908-ым эміграваў у далёкую Канаду. Там займаўся фермерствам, але не вельмі прыбыткова. Вярнуўся з-за акіяну якраз перад пачаткам першай сусветнай вайны. Зноў быў узяты на вайсковую лекарскую службу. У 1918-ым пераехаў у Варшаву. З 1919-га працаваў кватэрным інспектарам, пасля жыў у Вільні, кіраваў Касай хворых. Пасля эвакуацыі польскага ўраду перад прыходам бальшавікоў працаваў некалькі месяцаў у Шахцёрскай Дуброве. У 1922-ім уступіў у польскую сацыялістычную партыю.

З 1928-га працаваў лекарам Касы хворых у Крамянцы на Валыні, а з 1931-га – у Лідзе, дзе быў на пасадзе галоўнага лекара сацыяльнай страхавой касы. Сучаснікі ўспаміналі яго як чалавека шчырага сэрца і дабрачынца. У 1936-ым пакінуў лекарскую практыку і заняўся вырошчваннем зёлак у вёсцы Вялікая Лябёдка на Лідчыне. Гэтай справаў Напалеон Чарноцкі пачынаў займацца яшчэ ў час побыту ў Канадзе. Ён з вялікай замілаванасцю вырошчваў лекавыя травы і расліны, хадзіў на балоты, тарфавіскі і лугі. Дапамагаў людзям, пастаўляў зёлкі у розныя ўстановы і прадпрыемствы. Жыў адзін як халасцяк.

Першая літаратурная праца Напалеона Чарноцкага – удзел у 1885 годзе ў перакладзе гурткоўцамі Слуцкай гімназіі на беларускую мову папулярнай тады брашуры “Дзядзька Антон” і выданні яе гектаграфічным спосабам у Слуцку (выданне гэтае пакуль нідзе не выяўлена) і ў 1892 годзе ў Тыльзіце (цяпер горад Савецк у Калінінградскай вобласці). Чарноцкі – аўтар вдомых у свій час публіцыстычных працаў “Як будзе з зямлёю?” і “Да пытання пра беларускую народную школу”, у якой выступаў у абарону беларускай мовы, з сімпатыяй пісаў пра творчасць Якуба Коласа, выявіў добрае веданне беларускага фальклёру. Напісаў таксама нарыс “Аб адбудове гістарычнай Літвы” (не выяўлены). Актыўна працаваў як перакладчык. Пераклаў на беларускую мову п’есы “Сватанне” Антона Чэхава і “Пашыліся ў дурні” Марка Крапіўніцкага. Аўтар успамінаў пра рэвалюцыйны рух. Захавалася некалькі лістоў Чарноцкага да пісьменніка Уладзіміра Караленкі, у якіх ён закранае пытанне перакладу яго апавяданняў. Вядомы таксама яго ліст у “Нашу ніву”, дасланы з Канады ў 1912-ым.

Памёр Напалеон Чарноцкі 14 лютага 1937 годзе ў маёнтку Вялікая Лябёдка (цяпер Шчучынскі раён). Пахаваны ў мясцовасці Скрыбаўцы.