Справу Мікалая Аўтуховіча, якога вінавацяць у тэрарызме, перадалі ў пракуратуру, паведамляе „Радыё Свабода” са спасылкай на блізкіх бізнесоўца і актывіста з Ваўкавыску.

Дзе, калі і паводле якіх артыкулаў будуць судзіць Мікалая Аўтуховіча, невядома. Ці будуць разам з ім судзіць тых, хто праходзіць па так званай «справе Аўтуховіча» — Вольгу Маёраву, Уладзіміра Гундара, Галіну Дзербыш і іншых, — таксама невядома. Рашэнне будзе прымаць Вярхоўны суд Беларусі. Разгляд справы можа пачацца прыкладна праз месяц, калі арыентавацца на агульную практыку. Наколькі ведаюць блізкія, Аўтуховіч не чытаў абвінавачанняў, якія яму выставілі.