Як стала вядома “Свабодзе” ад беларусаў у Варшаве, каля польскай сталіцы ў дарожна-транспартным здарэньні загінуў 59-гадовы Сяргей Лаўрушчык. Ён быў стваральнікам прыватнага музэю ў Наваградку.

Пасьля перасьледу міліцыі Сяргей мусіў уцякаць зь Беларусі. Спачатку быў у Кіеве, затым перабраўся ў Варшаву. Там уладкаваўся на працу. «Веру, што пажыву ў вольнай Беларусі», — казаў Сяргей у гутарцы са Свабодай у красавіку 2021 году.

Сяргей Лаўрушчык шэсьць гадоў ствараў прыватны музэй. Пакоі свайго дома ён адвёў пад розныя эпохі — ад ВКЛ да БССР. Праз актыўны ўдзел у пратэстах да яго прыйшла міліцыя — у дзень яго нараджэньня, 23 сакавіка 2021 году. Экспанаты прызналі зброяй, гаспадара дому — амаль злачынцам.

Варшаўскае выданьне піша, што здарэньне адбылося каля 11 гадзіны 16 лютага. Сутыкнуліся два грузавікі і адзін мікрааўтобус.

Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца мікрааўтобуса ўрэзаўся ў заднюю частку паўпрычэпа грузавіка. На мікрааўтобус наехаў яшчэ адзін грузавік. У выніку ДТЗ загінуў кіроўца маршруткі. Гэта быў Сяргей Лаўрушчык.

У Беларусі ў Сяргея засталася сям’я. Цяпер вырашаецца пытаньне аб пахаваньні.