Мінулы тыдзень для бацькоў дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову, і беларускіх арганізацый быў часам інтэнсіўных перамоў і сустрэч у справе планаванага горадам аб’яднання беластоцкага прадшколля № 14 з па-суседску распаложанай школай № 4 у адзін школьна-дашкольны комплекс. Асяроддзе выказваецца супраць прапанове гарадскіх улад. Праявай нязгоды была першая петыцыя, падтрыманая 800 асобамі і ўручаная ўладарам горада. Аднак, як аказалася, улады перад грамадствам пачалі выступаць з хлуслівымі паведамленнямі, заяўляючы, што паміж імі і пратэстоўцамі былі дасягнуты дамоўленасць і паразуменне. Аднак нічога такога не мела месца і гэта яшчэ больш устрывожыла пратэстуючых.

Дзеля ўзмацнення сваёй пазіцыі і шырэйшага доступу да нашых пастулатаў і нашага становішча была падрыхтавана другая петыцыя і створана адмысловая інтэрнэт-старонка, а таксама і хаштаг. Змест петыцыі друкуецца побач. Тут можам пабачыць абаперты на юрыдычных аргументах дакумент, які трымаецца толькі фактаў. Сёння, у панядзелак, калі мы здаем «Ніву» ў друкарню, пад лістом падпісалася пад 800 асоб.

Таксама дзень у дзень аўтары петыцыі праводзілі сустрэчы з палітыкамі і гарадскімі раднымі з усіх плыняў дзеля паяснення абсурднасці і непатрэбнасці задумы прэзідэнтаў горада Беластока. У час сустрэч апазіцыйныя клубы ў гарадской радзе прынцыпова выступаюць супраць прапанаванай рэформе і абяцаюць свой голас супраць пастанове аб аб’яднанні садка са школай на пасяджэнні рады, запланаванай на 28 лютага. А тыдзень раней будзе пасяджэнне камісіі асветы, якая можа таксама не даць рэкамендацыі для праекта пастановы. Самым найлепшым і бяспечным для ўсіх спосабам выхаду з сітуацыі было б проста зняцце прэзідэнцкай прапановы з павесткі дня гарадской рады і абмеркаванне ў двухбаковых размовах яшчэ раз усіх пастулатаў, прад’яўленых нашым асяроддзем. Тут патрэбная добрая воля ўладароў горада і больш нічога. Шапкі ім з галавы не пазлятаюць, а прынамсі адкрыта і чэсна змогуць глядзець у вочы тым старэйшым і тым наймалодшым жыхарам горада.

Пазіцыя бацькоў, беларускіх арганізацый, Форуму меншасцей Падляшша ёсць толькі адна: планы аб’ядання здымаюцца горадам і не ставяцца пад галасаванне. Тады мы не абвастраем форм адкрытых пратэстаў у грамадскай прасторы. Калі пішу гэтыя словы, у панядзелак 14 лютага а гадзіне 15:30 пачаліся размовы паміж нашым бокам у складзе Алег Латышонак, Яраслаў Вердоні, Анатоль Вап і прэзідэнтам горада Тадэвушам Трускаляскім, старшынёй падляшскай Грамадзянскай платформы Кшыштафам Трускаляскім і старшынёй Гарадской рады Беластока Лукашам Пракорымам. У сустрэчы прысутнічае радны Сейміка Падляшскага ваяводства Ігар Лукашук. Трэба спадзявацца, што перамовы закончацца пазітыўным для нас кансэнсусам. Пра вынікі перамоў паведамім ужо ў наступным выданні нашага тыднёвіка. Калі кансэнсус не будзе дасягнуты, то пікеты, пратэсты, зацікаўленне справай міжнародных журналістаў і беларуская падтрымка ў гэтай справе пашырацца і па-за межы Польшчы.

У між часе беластоцкія ўлады за подпісам віцэ-прэзідэнта горада Рафала Рудніцкага звярнуліся з лістом да прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага ў справе ўрокаў беларускай мовы для дзяцей грамадзян Беларусі, якія пасля падзей 2020 года былі вымушаны з’ехаць з краіны. Ліст хуценька быў перасланы ў медыйную прастору Польшчы. У адпаведнасці з польскім заканадаўствам у краіне дазволена выкладанне моў нацыянальных меншасцей. Заняткі для этнічных беларусаў як грамадзян Польшчы, так і Беларусі праводзіліся летась на базе беластоцкай пачатковай школы № 4. Аднак па выніках праверкі ўладам горада загадалі вярнуць каля 140 тыс. злотых субвенцыі, бо фармальна права вывучаць беларускую мову з дзяржфінансаваннем маюць грамадзяне Польшчы, але не прадстаўнікі дыяспары.

У дадзены момант ліст прэм’еру гэта спозненая рэакцыя на падзеі паўтарагадовай даўнасці, якія вельмі добра былі вядомыя спадару Рудніцкаму, адказнаму за асвету. Да гэтай пары было толькі маўчанне. А зараз тую гарачую бульбіну хочацца падкінуць другому, на другое поле. А ў рамках ашчаднасці, думаю, адкліканне з пасады аднаго з віцэ-прэзідэнтаў з надбаўкай пакрыюць кошт тых 140 тысяч злотых, каб вучыць беларускай мове ўсіх жадаючых дзяцей. І без закалоту, і ашчадна, з карысцю дзецям і бацькам.

Яўген ВАПА