Падраздзяленне Гарадзенскага ОМОНу ўзначаліў Юрый Насеня. Раней ён быў намеснікам камандзіра ОМОН. Яго папярэднік Віктар Краўцэвіч пайшоў на падвышэнне — стаў камандзірам спецпадраздзялення «Алмаз».

Юрый Насеня, фота УУС Гарадзенскага аблвыканкаму

Начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў прадставіў яго калектыву, адзначыў «каласальны шматгадовы вопыт працы ў спецпадраздзяленні» Насені і акрэсліў «кола важных задач, якія маюць адбыцца». Якіх менавіта — не назвалі.

Юрый Насеня — нараджэнец Берасцейскай вобласці. Пачаў сваю кар’еру ў органах унутраных спраў у 1998 годзе, калі прыйшоў на службу міліцыянтам ОМОН УУС Гродзенскага аблвыканкаму. З 2005 па 2018 год служыў на розных пасадах кіруючага складу. У 2018-м стаў намеснікам камандзіра ОМОН.

Указам Лукашэнкі Юрый Насеня узнагароджаны медалямі «За бездакорную службу» і «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку». 25 сакавіка 2021 года Літва, Латвія і Эстонія распаўсюдзілі санкцыі на 118 грамадзян Беларусі. Гэта людзі, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі на выбарах ці рэпрэсіях супраць народа. Ім забаронена ўязджаць на тэрыторыю краін Балтыі. Сярод іх быў і Юрый Насеня. Таксама ён з’яўляўся ў Telegram-каналах, якія дэананімізавалі сілавікоў, звязаных з рэпрэсіямі.

hrodna.life