Бярозаўскі журналіст Юрась Дзяшук зусім нядаўна быў змушаны пакінуць свой горад і Беларусь. Здарылася гэта з прычыны пастаяннага ціску і пераследу з боку сілавых структур. Пераслед Юрась Дзяшук апісаў сам:

“Каротка пра тое, чаму я быў вымушаны з’ехаць з Радзімы.

Верасень 2020суд па 23.34 і 4 базавыя велічыні штрафу нібы за ўдзел у акцыі 25 жніўня ў Лідзе, дзе я выключна выконваў працу журналіста.

Жнівень – лістапад 2020 – безліч выклікаў у Лідскі РАУС, пракуратуру і іншыя ўстановы па розных надуманых прычынах.

18 студзеня 2021 – суд над маім сябрам Вітольдам Ашуркам і прысуд 5 год калоніі.

19 студзеняпачынанне крымінальнай справы па арт. 339, частка 2 КК РБ, па якой я праходзіў адзіным падазраваным з больш як паўсотні прысутных на тым судзілішчы. І насамрэч нічога не выкрыкваў і ні да чога не заклікаў, бо натуральна ў гэты час выконваў журналістскую працу, што пацьверджана шматлікімі відэазапісамі.

20 – 23 студзенязняволены ў Лідскі ІЧУ па гэтай жа крымінальнай справе.

3 – 5 студзеня – ізноў ІЧУ, але ўжо па 23.34 нібы за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і пікетаванне ў залі суда, на тым жа паседжанні. У выніку – 50 базавых велічынь штрафу, на той час 1450 рублёў. Матывацыйная частка прысуду пабудованая на выключна ілжывых сведчаннях вядомых у Лідзе персанажаў – Рабушка ды Крыжчанка.

Студзень – травень – безліч выклікаў у СК, РАУС, допыт КДБ, два вобшукі (ноутбук, 2 відэакамеры, тэлефон, носьбіты інфармацыі так і не вернутыя), дактыласкапія, ДНК, прагон праз паліграф і інш.

Красавік – чэрвень – раптам стаў надзвычай цікавай асобай для падатковай з нездаровай з іх боку зацікаўленасцю да ўсяго майго асабістага жыцця за апошнія 11 год, пачынаючы ад перасячэння мною мяжы з Украінаю у якіх-небудзь Макранах, сканчваючы папаўненнем рахунка мабільнага тэлефона на 3 рублі і 43 капейкі 25 кастрычніка 2017 года.

21(?) траўня – замардаванне і забойства ў шклоўскай калоніі сябра і паплечніка – Вітольда Ашурка.

Адносна, на першы погляд, спакойнае, але трывожнае лета 2021.

Верасень – кастрычнік – зноўку выклікі, званкі, позвы.

3 снежня – чарговы, трэці за 2021 год, вобшук і дастаўленне ў СК. Дзе ў новага следчага для мяне было дзьве навіны. Па завядзёнцы пачалі з кепскай, што справа па судзе Вітольда па арт. 339 ч. 2 распачатая ізноў, але ўжо вышэйшымі органамі, назначаныя новыя экспертызы, новая следчая група і, на гэты раз, падазраваны не я адзін, а і яшчэ некалькі чалавек з тых паўсотні, хто быў у судзе і хто яшчэ працягваў, рызыкуючы свабодай і жыццём, заставацца ў Беларусі. Ну, а добрая навіна, што папярэдняе раследванне прайшло, экспертызы і следства не выявілі ў маіх дзеяннях складу злачынства, і справа была закрытая, што цалкам лагічна. Але гэта ўжо не грала істотнай ролі, бо тое раследванне не задаволіла кагосьці зверху і Молах прагнуў ахвяр.

Тым часам, разумеючы, што нам усіх абмежаваны выезд з краіны і маючы непацверджаную інфармацыю, што на гэты раз следства павіннае скончыцца так як трэба Молаху, і выбар з тых, хто мусіць быць чарговымі ахвярамі застаўся невялікі, а сярод іх ў спісе фігуруе і маё імя, у тым ліку, цягам некалькіх дзён я быў вымушаны прыняць самае складанае ў жыцці рашэнне.

Пасля доўгіх ваганняў “так ці не” і прыняццем канчатковага рашэння, і тым, як я з адным толькі заплечнікам пераступіў парог хаты, былі некалькі гадзінаў на хуткія зборы. Нікому, акрамя тых, хто вымусіў мяне і не толькі мяне пайсці на такі крок, не пажадаю гэтага перажыць”.

Цяпер Юрась Дзяшук на волі і ў бяспецы.