Вядомых беларускіх дзеячаў Станкевічаў з вёскі Арляняты,што на тэрыторыі сучаснай Смаргоншчыны, было ажно чатыры, таму кожны з іх у беларускай гістарыяграфіі атрымаў яшчэ свае прыдомкі. На люты бягучага году прыпадаюць круглыя ўгодкі Станіслава Станкевіча-палітыка. Вядомы ён як беларускі літаратуразнаўца, грамадска-культурны дзеяч, публіцыст, крытык.

Нарадзіўся Станіслаў Станкевіч 23 лютага 1907 году, ягоны родны дзядзька па матчынай лініі – Ян Станкевіч, знакаміты беларускі мовазнавец. Вучыўся Станіслаў Станкевіч у Віленскай беларускай гімназіі, потым у Віленскім універсітэце, дзе абараніў у 1933 годзе магістарскую дысертацыю на тэму “Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі”. У 1936 годзе за працу “Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі” атрымаў годнасць доктара філасофіі ў галіне польскай і славянскай літаратуры. У час навучання дзеіў у Беларускім Студэнцкім Звязе, рэдагаваў “Крыніцу” і “Студэнцкую думку”, быў стваральнікам і старшынём універсітэцкага Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Рабіў шматлікія публікацыі на тэмы беларускай літаратуры ў віленскай беларускай прэсе. Карыстаўся псеўданімамі Язэп Каранеўскі, Алесь Крыга, Дзівасіл.

У час другой сусветнай вайны разам з іншымі беларускімі нацыянальнымі дзеячамі Станкевіч імкнуўся скарыстаць вызваленне ад бальшавізму, змену таталітарных рэжымаў у Беларусі для аднаўлення працы на карысць беларускай справы, дзеля чаго беларускім нацыянальным актывам пераймаліся пасады ў мясцовай цывільнай акупацыйнай адміністрацыі. Станкевіч стаў бурмістрам Барысава, і займаў гэтую пасаду ў час правядзення антыгабрэйскіх вынішчальных акцыяў у 1941-42 гадах. Нягледзячы на тое, што няма фактаў, даводзячых непасрэдны ўдзел у Халакосце, і што праз сваю пасаду цывільнага кіраўніка Станкевіч ня меў непасрэднага дачынення да масавых расстрэлаў габрэяў, яму, тым ня менш, без важкіх падставаў дагэтуль накідаецца абвінавачанне ў вынішчэнні габрэяў Барысава.

Станіслаў Станкевіч быў дэлегатам Другога Ўсебеларускага кангрэсу. У канцы 1945-га году ў ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны ўзначаліў нелегальны Беларускі нацыянальны цэнтр. Быў першым старшынём Антыбальшавіцкага блоку народаў (1946 год). Пасля сканчэння вайны супольна з Міколам Абрамчыкам у эміграцыі аднавіў Раду БНР. Рэдагаваў часопіс БНЦ “Рух” і газету “Бацькаўшчына”. Стварыў філію нью-ёркскага Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нямеччыне, рэдагаваў усе чатыры кнігі “Запісаў” Інстытуту, якія былі выдадзены ў Мюнхене. Пры газеце было аднайменнае выдавецтва, дзе разам з дзясяткамі іншых кніг выйшлі забароненыя ў БССР “Тутэйшыя”.

З 1962-га году жыў у Нью-Ёрку. З 1963-га году і да смерці быў галоўным рэдактарам газеты “Беларус”, якой пад ягоным рэдагаваннем выйшла каля 200 нумароў. Стала супрацаваў з Радыё Свабода. У ЗША выдаў кнігі “Беларуская падсавецкая літаратура першае паловы 1960-х гадоў” (1967) і “Янка Купала. На 100-я ўгодкі ад нараджэньня” (1982). Аўтар працы “Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу” пра ідэалогію і практыку русіфікацыі ў Беларусі ў 1950-ых – на пачатку 1960-ых гадоў.  

Памёр Станіслаў Станкевіч 6 лістапада 1980 году ў Нью-Ёрку. Пахаваны на беларускіх могілках у штаце Нью-Джэрсі (ЗША).