Акрамя Гародні ў дзень так званага асноўнага галасавання на рэферэндуме затрыманні адбываліся і ў іншых гарадах вобласці. А менавіта ў Лідзе і Смаргоні.

У цэнтры Ліды каля мясцовага ліцэя каля 14.30 міліцэйскі нарад затрымаў некалькі чалавек, у тым ліку жанчыну з плакацікам. Усіх затрыманых павезлі ў РАУС на мікрааўтобусе.

Вядома таксама, што ў Смаргоні быў затрыманы мясцовы жыхар Аляксей Мароз.

Жанчына расказвае, што яе муж быў у горадзе а 17-й гадзіне. Пісаў ёй, што на вуліцах вельмі мала людзей. Узмоцненага патруля сілавікоў таксама не назіралася.

«Недзе ў 17.10 ён прыйшоў на плошчу, сеў на лаўку. Да яго хутка падышлі людзі ў цывільным. Запыталі: «Чаго тут сядзіш?» Муж сказаў, што пратэстуе супраць вайны», — дзеліцца жанчына.

Ні сімволікі, ні плакатаў у Аляксея з сабой не было.

Мужчыну завезлі ў мясцовы ІЧУ. Наколькі вядома жонцы, яго будуць судзіць па адміністрацыйным артыкуле за адзіночны пікет.