Вашай увазе рэгіянальны каляндар на сакавік.

2 сакавіка
460 гадоў таму (1562) – Нарадзіўся Крыштап Мікалай Дарагастайскі, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, заснаваньнік друкарні ў Ашмяне Мураванай.
3 сакавіка
255 гадоў таму (1767) – Памёр Ёган Глаўбіц (нар. у 1700-?), архітэктар, які працаваў у Беларусі. Аўтар пабудовы Фарнага касьцёлу ў Лідзе (1765-70 гг.).
245 гадоў таму (1777) – У Ляйпцыгу (Германія) памёр Юзаф Ябланоўскі, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гісторык, мецэнат, ваявода наваградзкі ў 1755-73 гг., аднавіў Наваградзкі замак.
4 сакавіка
210 гадоў таму (1812) – У Варшаве памёр Яўхім Храптовіч, грамадзкі, палітычны, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, магнат, публіцыст, паэт, перакладнік. Меў сядзібу ў Шчорсах. Пахаваны ў варшаўскім касьцёле капуцынаў.

80 гадоў таму (1942) – У Глыбокім гестапаўцамі расстраляны Мечыслаў Багаткевіч, каталіцкі рэлігійны дзеяч. Пазьней беатыфікаваны.
45 гадоў таму (1977) – ПамёрЭдуард Гойлік, беларуска-польскі кампазітар, музычны педагог, хормайстар. Нараджэнец в. Верабейкі (Сьвіслацкі р-н).
30 гадоў таму (1992) – Падпісана пагадненьне пра ўсталяваньне дыпламатычных стасункаў паміж Польшчай і Рэспублікай Беларусь.
5 сакавіка
80 гадоў таму (1942) – Нарадзіўся (Бераставіцкі р-н) Аляксандар Міхальчык, грамадзка-палітычны актывіст, пэўны час старшыня Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ.

45 гадоў таму (1977) – У Нью-Джэрсі (ЗША) памёр Філарэт Родзька, беларускі настаўнік, быў у войску Булак-Балаховіча, дзеяч эміграцыі (ЗША). Нараджэнец в. Вераскава (Наваградзкі р-н), працаваў у Вераскаве і Наваградку.
7 сакавіка
55 гадоў таму (1967) – У Сопаце (Польшча) памёр Караль Румель, першы алімпіец зь Беларусі (гульні 1912 г., Стакгольм), коньнік-спартовец. Нараджэнец Гародні.

15 гадоў таму (2007) – У Гародні на вуліцы Камунальнай на агароджы стадыёна адкрыта мемарыяльная шыльда ля месца былых габрэйскіх могілак.
8 сакавіка
30 гадоў таму (1992) – У Слоніме памёр Міхась Ракевіч, удзельнік патрыятычнага падполля 1946-47 гг. у Заходняй Беларусі, вязень савецкіх турмаў і канцлягероў. Нараджэнец в. Ваўчкі (Слонімскі р-н). Пахаваны ў в. Клепачы (Слонімскі р-н).
10 сакавіка
80 гадоў таму (1942) – У Мсьціславе нарадзіўся Міхась Ткачоў, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, гісторык, археолаг, педагог. Жыў і працаваў у Гародні.

11 сакавіка
5 гадоў таму (2017) – У Гародні памёр Яўген Петрашэвіч, беларускі музычны педагог, кампазітар, аўтар шматлікіх песень. Нараджэнец в. Падбараны (Мастоўскі р-н). Пахаваны на гарадзенскіх могілках па праспекце Касманаўтаў.

12 сакавіка
300 гадоў таму (1722) – Нарадзіўся (каля Наваградку) Бенядыкт Дабшэвіч, тэолаг-езуіт, філосаф. Скончыў Наваградзкі калегіум, выкладаў у ім.
100 гадоў таму (1922) – Пры загадкавых абставінах памёр (паводле афіцыйнай версіі ад разрыву сэрца) Кузьма Цярэшчанка (нар. у кастр. 1888 г. у в. Замосьцішча, Рослаўскі пав., Смаленшчына), беларускі грамадска-палітычны дзеяч. У 1918-19 гг. дзеіў у Гародні.
13 сакавіка
225 гадоў таму (1797) – У Вільні памёр Юзаф Пац (нар. у Вільні ў 1736 г.), вайсковы дзеяч ВКЛ, удзельнік паўстаньня 1794 г. Валодаў маёнткам Ражанка (Шчучынскі р-н).
105 гадоў таму (1917) – У Пецярбургу загінуў Уладзімір Хлябцэвіч, удзельнік беларускага грамадзка-літаратурнага руху пач. 20 ст. Пахаваны ў Сызрані (Самарская вобл.). Нараджэнец мяст. Жыровічы (Слонімскі р-н).

15 сакавіка
30 гадоў таму (1992) – У Мюнхене памёр Уладзімер Цьвірка (да 1945 г. Вадзім Сурко), дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, Ангельшчына, Бельгія), журналіст. Пахаваны на мюнхенскіх могілках Вэстфрайдгоф. Нараджэнец в. Беражна (Карэліцкі р-н).
16 сакавіка
210 гадоў таму (1812) – Памёр Юры Белапятровіч (нар. у 1740 г.), дзяржаўны дзеяч ВКЛ, лідзкі стражнік, удзельнік паўстаньня 1794 г. У Наваградку ў 1810 г. заснаваў дабрачыннае таварыства.
17 сакавіка
215 гадоў таму (1807) – У Радзівонішках (Лідзкі р-н) памёр Казімір Нарбут (нар. у в. Крупава, Лідзкі р-н, 3.1.1738 ці 19.4.1738), беларускі асьветнік, педагог, філосаф. Жыў у Радзівонішках, дзе і пахаваны.

18 сакавіка
55 гадоў таму (1967) – У Віцебску памёр Аляксандар Ільінскі, беларускі артыст тэатру. Нараджэнец Міру (Карэліцкі р-н).
19 сакавіка
135 гадоў таму (1887) – У Жэневе (Швайцарыя) памёр Юзаф Ігнацы Крашэўскі, пісьменьнік, гісторык, грамадзкі дзеяч. Вучыўся ў Сьвіслачы.

90 гадоў таму (1932) – У Асташыне (Наваградзкі р-н) выбухнуў бунт сялян супраць падатковага і нацыянальнага прыгнёту уладаў Польшчы. У выніку расправы на наступны дзень 7 чалавек у Наваградку былі павешаныя, яшчэ 46 засуджаныя да турэмнага зьняволеньня.
23 сакавіка
15 гадоў таму (2007) – У Растове (Расея) памёр Аляксандар Палубінскі, беларускі краязнавец, педагог. Жыў і працаваў у Бераставіцкім і Сьвіслацкім раёнах.

25 сакавіка
ДЗЕНЬ ВОЛІ (у 1918 годзе адбылося абвяшчэньне Трэцяй Устаўной Граматы БНР).
305 гадоў таму (1717) – У Дзятлаве нарадзіўся Альбрыхт Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ.
30 гадоў таму (1992) – У Гародні выйшаў першы нумар газеты “Пагоня”.
26 сакавіка
90 гадоў таму (1932) – У Пінску памёр Зыгмунт Лазінскі, беларускі каталіцкі сьвятар. Пахаваны ў крыпце Пінскага катэдральнага касьцёлу. Нараджэнец в. Барацін (Карэліцкі р-н).

30 гадоў таму (1992) – Рашэньнем Сіноду Беларускага экзархата ўзноўлена Гарадзенска-Ваўкавыская праваслаўная епархія.
27 сакавіка
5 гадоў таму (2017) – У Саўт-Рыверы (ЗША) памёр Віталь Цярпіцкі, удзельнік БКА, грамадзкі і царкоўны дзеяч беларускай эміграцыі (Вялікабрытанія, ЗША). Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы. Вучыўся ў Наваградскай настаўніцкай семінарыі.
31 сакавіка
15 гадоў таму (2007) – У Вільні памёр Аляксей Анішчык, беларускі краязнавец, педагог, пісьменьнік. Пахаваны на віленскіх Сьвята-Эфрасінеўскіх могілках. Нараджэнец в. Мондзіна (Наваградзкі р-н).
