У агульным бяссілі перад вайной зрабі маленькую добрую справу — напішы ліст падтрымкі палітвязню!

На 1 сакавіка ў Беларусі налічваецца 1077 палітвязняў, якія асуджаныя на розныя тэрміны абмежавання ці пазбаўлення волі, або ўтрымліваюцца ў СІЗА ў чаканні суда.

Зразумела, што вайна ва Украіне вельмі жахлівая і забірае ўсю ўвагу і эмоцыі. З вялікай верагоднасцю, нягледзячы на інфармацыйны вакуум, вязні ведаюць пра падзеі ў суседняй краіне і пра тое, якое месца ў іх займае беларускі рэжым. Нават з’яўляецца інфармацыя пра тое, што ім забаранілі глядзець тэлебачанне і слухаць радыё, каб вязні не пачалі бунт. Меркавана, цэнзура лістоў таксама стала больш жорсткай.

Пачуццё шоку, бяссілля і неразумення, што можна зрабіць і як дамагачы ўкраінцам працінае шматлікіх беларусаў. Можна ўявіць, што такія ж эмоцыі адчуваюць і палітвязні, але яны не могуць нават бесперапынна гартаць стужку навінаў, рабіць рэпосты і дзяліцца ўсёй карыснай інфармацыяй. Таму падтрымка ім важна зараз як ніколі!

Калі ласка, працягвайце пісаць палітвязням лісты салідарнасці, а тым, хто знаходзіцца пад следствам, таксама можна дасылаць пасылкі і бандэролі. Так яны не будуць адчуваць сябе пакінутымі ў гэтыя часы, а сістэма зразумее, што нягледзячы на жахлівыя падзеі, падтрымка палітвязняў беларускім грамадствам не змяншаецца.

І хоць зараз цяжка знайсці патрэбныя словы, а актуальныя навіны не прапусціць цэнзура, нават маленькая паштоўка – вялікая падтрымка для тых, хто знаходзіцца за кратамі! Гэта таксама падтрымка і для сябе, бо дапамагаючы іншым, адчуваеш сваю неабходнасць — надзейны спосаб вытрываць усё, што з намі цяпер адбываецца.

Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы: Майстэрню паштовак салідарнасці (http://bit.ly/3jwJMLn); ініцыятыву (http://bit.ly/3jwJMLn) “Вклеточку (https://vkletochku.org/)” і письмо.бел (https://xn--h1aigbl0e.xn--90ais/)

✊Наша сіла — ў салідарнасці. Поўны і актуальны спіс палітвязняў — prisoners.spring96.org