На Гарадзеншчыне праходзяць суды над затрыманымі апошнімі днямі за выхад на вуліцы супраць ваеннай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне і правядзення ў Беларусі незаконнага рэферэндуму.

У Ваўкавыску Людміле Шрубок прысудзілі штраф ажно на 150 базавых велічынь паводле сумнавядомаму артыкулу 24.23 КаАП. У тым жа раённым судзе Уладзіміру Краўцэвічу прысудзілі 30 сутак адміністрацыйнага арышту (тут фігуравалі ажно два карныя артыкулы – 24.23 і 24.3).

Затрыманую ў Гародні Ніну Марціросаву адпусцілі. Яе пакуль не судзілі, пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне адпраўлены на дапрацоўку.

2 сакавіка і іншыя затрыманыя 27 лютага ў Гародні пачалі выходзіць са зняволення. Судзілішчы пачаліся ўжо 1 сакавіка і прадаўжаліся 2-га. Амаль усіх паводле артыкулу 24.23 КаАП. Прысуджалі пераважна штрафы па 50-60 базавых велічынь.

Усяго ў Гародні за выхад на вуліцу былі затрыманыя па розных звестках ад 30 да 40 чалавек.