2 сакавіка павінен быў пачацца суд над адной з лідараў Саюзу палякаў Беларусі Рэнатай Дземянчук.

Гутарка ідзе пра адміністрацыйны працэс. На Рэнату Дземянчук пасля затрымання яшчэ 15 лютага, склалі пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. Фігуруе артыкул 24.57 КаАП – Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскай арганізацыі, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці. Справу вядзе многім вядомы суддзя Руслан Гурын.
Паводле наяўнай інфармацыі незаконным мерапрыемствам органы “правапарадку” палічылі ўдзел Дземянчук у арганізацыі гульні “Што? Дзе? Калі?” для ўдзельнікаў грамадскай ініцыятывы Універсітэт Залатога Веку.
Вынікі судовага паседжання 2 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Гародні пакуль невядомыя.