27 лютага смаргонец Аляксей Мароз з думкамі аб агрэсіўных дзеяннях Расеі ва Украіне і пагрозах ад гэтага для Беларусі, і ў тым ліку для сваёй сям’і, вырашыў пастаяць на плошчы насупраць Смаргонскага райвыканкаму.

Відавочна, у гэты дзень супрацоўнікі Смаргонскага РАУС былі заангажаваны на прадухіленне магчымага масавага пратэсту, а таму адразу падыйшлі да Аляксея і спыталі, чаму ён выйшаў. І ён сумленна адказаў, што прыйшоў таму, што супраць вайны.
Мароз адразу быў затрыманы і дастаўлены у РАУС, у ізалятары якога правёў ноч. За гэты час праваахоўнікі вырашылі, што знаходжанне на плошчы з такімі “крамольнымі” думкамі ёсць не што іншае, як пікетаванне.
Ранкам Аляксей Мароз быў дастаўлены ў суд. Там суддзя Людміла Пятрова прадказальна падтрымала пазіцыю органа, які вёў адміністрацыйны працэс, прызнаўшы знаходжанне на плошчы пікетаваннем. І сваёй пастановай да ночы ўтрымання ў ізалятары дадала Аляксею 40 базавых велічынь штрафу.