210 гадоў таму – 4 сакавіка 1812 года – у Варшаве памёр Яўхім Храптовіч, грамадзкі, палітычны, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, магнат, публіцыст, паэт, перакладнік.

Грамадска-палітычны, дзяржаўны і культурны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, філосаф, публіцыст, паэт, перакладчык, бібліяфіл Яўхім Храптовіч нарадзіўся 4 студзеня 1729 года ў маёнтку Ясянец (Наваградскі павет, цяпер Баранавіцкі раён).

Яўхім Храптовіч атрымаў грунтоўную адукацыю і выхаванне ў Шчорсах на Наваградчыне ў доме бацькоў, у Вільні, дзе ён вывучаў лацінскую мову і логіку, у Брунсбергу – паэзію і рыторыку, у Нясвіжы – рыторыку. Ён быў вялікім рэфарматарам і зрабіў вялікі ўнёсак развіццё асветы ў Вялікім Княстве Літоўскім, апошнім канцлерам якога ён быў.

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі і кароткага тэрміна службы ў войску займае пасады: наваградскага стольніка, гэта значыць маршалка соймікаў Наваградскага павета; дэпутата Галоўнага трыбуналу ВКЛ ад Гарадзенскага павета; пасла ад Наваградскага і іншых паветаў на сойме Рэчы Паспалітай; маршалка Наваградскага ваяводства канфедэрацыі і Галоўнага трыбуналу ВКЛ.
24 снежня 1764 года пасля каранацыі караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732–1798) Яўхім Храптовіч быў прызначаны на ўведзеную пасаду вялікага сакратара ВКЛ. 8 мая наступнага года ў ліку першых адзначаны новай узнагародай Рэчы Паспалітай – ордэнам Святога Станіслава.
26 кастрычніка 1773 года Яўхім Храптовіч прызначаецца падканцлерам літоўскім. 21 ліпеня 1773 года Папа Клемент XIV сваёй булай скасаваў ордэн Таварыства Ісуса. Яўхім Храптовіч разам з іншымі прапанаваў маёмасць езуітаў у Рэчы Паспалітай перадаць у фонд развіцця адукацыі. 14 кастрычніка 1773 года сойм зацвердзіў праект стварэння Адукацыйнай камісіі. Паводле сваіх функцый яна была першым у свеце міністэрствам адукацыі. Храптовіч быў прызначаны камісарам дэпартаменту Віленскай акадэміі і школ ВКЛ. За дваццаць гадоў існавання (1773–1793) дэпартамент пад яго кіраўніцтвам дамогся значных поспехаў, найперш у павелічэнні колькасці школ розных роўняў і наданні навучанню свецкага характару.
На Чатырохгадовым сойме (1788–1792) Яўхім Храптовіч прапанаваў шэраг праектаў дзеля вырашэння некаторых актуальных праблем. У прыватнасці, у 1788 годзе, каб спыніць шматлікія судовыя працэсы па межавых канфліктах, зрабіў прапанову абмежаваць усе вёскі, стварыць планы апошніх і перанесці іх на розныя карты краіны. Праект быў ухвалены ў 1791 годзе, а выкананне адклалася, але трэці падзел Рэчы Паспалітай пахаваў гэты праект.

Апошняя высокая дзяржаўная пасада, на якую 14 чэрвеня 1793 года Яўхіма Храптовіча прызначыла рэакцыйная Таргавіцкая канфедэрацыя (1792–1793), – пасада канцлера ВКЛ. Але складаныя палітычныя абставіны, сталы век, дрэннае здароўе змусілі яго скласці канцлерскія паўнамоцтвы. Такім чынам, Яўхім Храптовіч стаў апошнім канцлерам ВКЛ.
Засвоіўшы прагрэсіўныя заходнееўрапейскія ідэі і досвед, амаль адразу пасля смерці бацькі і атрымання спадчынных маёнткаў, пачаў упарадкоўваць сваю сельскую рэзідэнцыю – сядзібу Шчорсы – галоўны адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтр усіх маёнткаў, а таксама рэарганізоўваць панскую гаспадарку ў фальварках і асабліва сістэму карыстання зямлёй сялянамі. Граф Храптовіч быў буйным землеўласнікам: на 1799 год толькі ў маёнтку Шчорсы было 25 вёсак з 505 сялянскімі гаспадаркамі. У сваіх маёнтках у Шчорсах і Вішневе Храптовіч паншчыну замяніў чыншам; у Шчорсах пабудаваў палацава-паркавы ансамбль, школу, уніяцкую царкву.

Яўхім Храптовіч быў заўзятым бібліяфілам. Ён заснаваў у Шчорсах на Наваградчыне прыватную бібліятэку, якая стала значнай культурнай з’явай у Беларусі. Яна збіралася цягам другой паловы XVIII і першай паловы XIX стагоддзяў. Гэта была адна з лепшых бібліятэк ва Ўсходняй Еўропе таго часу, якая налічвала каля 20 тысяч кніг. На жаль, сёння бібліятэка знаходзіцца па-за межамі Беларусі.


Пахаваны ў варшаўскім касьцёле капуцынаў. У Шчорсах на Наваградчыне захаваліся сядзіба Храптовічаў і будынак бібліятэкі, якія знаходзяцца ў скрайне занядбаным стане. Пасаджана алея і пастаўлены камень з шыльдай у гонар Яўхіма Храптовіча.
