Жонка гарадзенскага журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына Вольга Івашына адказала на пытанні Беларускага Радыё Рацыя.

РР: Колькі часу Дзяніс ужо за кратамі?

Вольга Івашына: Сёння ўжо мінула 357 дзён. І больш за 170 дзён мы не атрымліваем ад яго лістоў.

РР: Калі Вы апошні раз бачыліся з мужам?

Вольга Івашына: 12-га сакавіка, калі яго арыштавалі. Дакладней, узялі ў палон. І з гэтага часу я яго не бачыла ні разу. Я ўжо  збілася з ліку, колькі разоў я пісала запыты, патрабаванні, каб далі магчымасць убачыць мужа, але следчыя дагэтуль не бачаць падстаў для нашага спаткання.

РР: Днямі Вы звярнуліся да палітыкаў, каб яны паспрыялі вызваленню Дзяніса. Чаму менавіта цяпер?

Вольга Івашына: Гэта звязана з пачаткам паўнамаштабнага наступу Расеі на Украіну. Нашая тэрыторыя выкарыстоўваецца як плацдарм, і, адпаведна, можна лічыць, што не Беларусь, а рэжым унутранай акупацыі саўдзельнічае ў гэтым. І Дзяніса можна лічыць цяпер не толькі палітвязнем, але і ваеннапалонным.

РР: Пра яго ў пэўным сэнсе можна сказаць, як пра ваеннага карэспандэнта. Дзяніс, як журналіст,  займаўся няпростымі тэмамі.

Вольга Івашына: Так, ён займаўся расследаваннямі пра “беркутаўцаў”, “вагнераўцаў”. І найперш – пра агрэсію Расеі супраць Украіны, Грузіі, Сірыі і іншых краінаў.

РР: Паступілі ўжо водгукі на ваш заклік?

Вольга Івашына: Так, пакуль неафіцыйна. Нам аказваюць падтрымку. Пакуль займаемся распаўсюдам і чакаем адказаў. “Я прашу вас усіх прыкласці максімальныя намаганні, каб паспрыяць абмену ваеннапалоннага Дзяніс Івашына – сына Беларускага і Украінскага Народаў!

Слава Україні!!! Жыве Беларусь!!!”, – такімі словамі завяршаецца зварот Вольгі Івашынай да знакавых беларускіх і ўкраінскіх палітыкаў. Цалкам гутарка ў далучаным файле: