Ілюстрацыя: Human Constanta

На 6 сакавіка ў Беларусі налічваецца 1085 палітвязняў, якія асуджаныя на розныя тэрміны абмежавання ці пазбаўлення волі, або ўтрымліваюцца ў СІЗА ў чаканні суда.

Зразумела, што вайна ва Украіне вельмі жахлівая і забірае ўсю ўвагу і эмоцыі. З вялікай верагоднасцю, нягледзячы на інфармацыйны вакуум, вязні ведаюць пра падзеі ў суседняй краіне і пра тое, якое месца ў іх займае беларускі рэжым. Нават з’яўляецца інфармацыя, што зняволеным забаранілі глядзець тэлебачанне і слухаць радыё, каб яны не пачалі бунт. Меркавана, цэнзура лістоў таксама стала больш жорсткай.

Чаму варта пісаць?

Пачуццё шоку, бяссілля і неразумення, што можна зрабіць і як дапамагчы ўкраінцам працінае шматлікіх беларусаў. Можна ўявіць, што такія ж эмоцыі адчуваюць і палітвязні, але яны не могуць нават бесперапынна гартаць стужку навінаў, рабіць рэпосты і дзяліцца ўсёй карыснай інфармацыяй. Таму падтрымка ім важна зараз як ніколі!

Калі ласка, працягвайце дасылаць палітвязням тэлеграмы, паштоўкі і лісты салідарнасці, а тым, хто знаходзіцца пад следствам, таксама – пасылкі і бандэролі. Так яны не будуць адчуваць сябе пакінутымі ў гэтыя складаныя часы, а сістэма зразумее, што нягледзячы на жахлівыя падзеі, падтрымка палітвязняў беларускім грамадствам не змяншаецца.

Пра што пісаць?

З пачаткам вайны ва Украіне шмат тых людзей, што пісалі палітзняволеным у Беларусі, сутыкнуліся са складанай сітуацыяй: пісаць пра вайну ў лістах амаль немагчыма, бо іх наўрад ці прапусціць цэнзура, а пісаць пра нешта іншае – нябыта губляе сэнс, бо няма нічога важней і жахлівей у дадзены момант, чым расійская агрэсія супраць Украіны.

“Вясна” сабрала некалькі варыянтаў, пра што можна напісаць палітзняволеным у гэты складаны час:

  • Варта памятаць, каб дапамагчы і падтрымаць іншага, трэба спачатку паклапаціцца пра сябе. Таму старайцеся пакідаць час і месца на асабістыя справы: хадзіць на прагулкі, назіраць за прыродай, слухаць падкасты, чытаць кнігі, глядзець фільмы ды інш. Пасля ў лістах можна дзяліцеся сваімі эмоцыямі ад убачанага і развагамі пра прачытанае/прагледжанае.
  • Дарэчы будуць розныя практыкаванні па захаванні спакою і змяншэння трывогі: глыбокае дыханне, мыскульная рэлаксацыя, самамассаж, медытацыя. Знайсці іх можна, напрыклад, у брашуры “Як захаваць устойлівасць ва неўстойлівым свеце”.
  • Дасылайце таксама комплексы фізічных практыкаванняў, расцяжкі, бо нагрузкай на мышцы можна зменшыць нагрузку на мозг.
  • Падтрымлівайце ў лістах цікавосткі самаго чалавека: навіны з яго прафесійнай сферы, хобі і інтарэсаў.
  • Дзейнасць на мелкую маторыку, тыпу расфарбоўкі-антыстрэс, маляванне па кропках, складанне арыгамі, таксама могуць прыносіць карысць.
  • Можна падзяліцца адаптаванымі рацэптамі вашых любімых страў, якія можна прыгатаваць за кратамі.
  • Распавядайце пра цікавыя гісторыі з жыцця дзяцей ці хатніх гадаванцаў, няма нікога больш непасрэдных за іх.
  • Таксама можна дзяліцца натхняльнымі вершамі, прытчамі, казкамі ды інш.
  • Калі не атрымоўваецца пісаць, паспрабуйце маляваць, выразаць выцінанкі і рабіць з імі паштоўкі.

Нават некалькі словаў будуць значнай падтрымкай, а салідарнасць – выратуе свет!

Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы: Майстэрню паштовак салідарнасці; ініцыятыву “Вклеточку” і письмо.бел.

Актуальны спіс палітвязняў – prisoners.spring96.org, поўны спіс асуджаных па палітычных крымінальных справах – prisoners.spring96.org/be/table-convicted.