Беларускі музыка і былы палітвязень Ігар Банцэр выступіў супраць вайны знаходзячыся ў Беларусі.

Ігар Банцэр асуджае тых палітыкаў, якія заклікаюць выходзіць супраць вайны, а самі за мяжой. Гэтым палітыкі падстаўляюць людзей – жыхароў Беларусі:

– Выказвацца варта і трэба, толькі я раблю гэта, знаходзячыся ў Беларусі, і гэта трэба падкрэсліць. Шмат зараз ёсць зваротаў і заклікаў людзей, якія знаходзяцца па-за межамі. Да гэтага ў мяне ёсць пытанні маральна-этычнага зместу. Таму што заклікаць людзей ісці на акцыю, трапіць пад рэпрэсіі, мець магчымасць атрымаць нейкія крымінальныя тэрміны – я б так не здолеў. Для мяне вельмі дзіўна, што зараз ёсць людзі, і даволі вядомыя, што так сябе паводзяць.

– Я заўжды быў супраць вайны, колькі сябе памятаю. Заўжды выступаў супраць усіх узброенных канфліктаў. Бо вайна – гэта капіталістычныя гульні, гэта зброя, гэта заробкі капіталістаў, гэта паламаныя лёсы. Гэта няважна – Украіна, Сірыя, Афрыка. Зразумела, калі гэта адбываецца каля твайго дому, ты не можаш маўчаць ужо, бо гэта блізка.

Ігар Банцэр паўтары гады адседзеў на «хіміі» ў Віцебску. Пад час адседкі была ліквідавана яго арганізацыя пад назваю «Гарадзенскі рок – клуб» і яго гурт MisterX цяпер амаль не выступае.