
У Мінскім гарадскім судзе 10 сакавіка пачынаецца разгляд крымінальнай справы палітвязня, вядомага беларускага мастака і перфомера Алеся Пушкіна. Яго абвінавачваюць у здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК).
Справу разглядае суддзя Алена Шылько. Дзяржабвінаваўца – пракурор Аляксандр Кароль.
Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці супрацоўнікамі МУС. Ноччу з 26 на 27 сакавіка у доме Пушкіна адбыўся ператрус.
Сутнасць абвінавачання
Затрыманню папярэднічала ўзбуджэнне 26 сакавіка пракуратурай Гродна крымінальнай справы ў дачыненні да яго, а таксама кіраўніка прыватнай установы “Цэнтр гарадскога жыцця” Паўла Мажэйкі і іншых асобаў “за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызма”, па ч.3 арт. 130 КК (распальванне варажнечы). Павел Мажэйка быў затрыманы, але пазней вызвалены без прад’яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў.
Як паведамілі ў пракуратуры, падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы стала размяшчэнне на выставе, якая праходзіла ў памяшканні ўстановы “Цэнтр гарадскога жыцця” 19 сакавіка, партрэта Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства мастака Алеся Пушкіна. Паводле паведамлення пракуратуры, у ходзе выставы Алесь Пушкін “характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні”.
У канцы лістапада 2020 года стала вядома, што мастака накіравалі на правядзенне псіхіятрычнай экспертызы. У сярэдзіне снежня 2021 Алесь вярнуўся ў СІЗА-1.
Напрыканцы мінулага году было выстаўленае канчатковае абвінавачванне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: паводле ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асобай) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў). 12 студзеня 2022 справа была перададзеная ў суд.
У залі прысутнічае шмат супрацоўнікаў міліцыі. На самым пачатку судовага працэса Пушкін паклаўся на лаву. А калі суддзя папрасіў падняцца, ён заявіў пра тое, што ў яго кайданкі, і няхай яго падымае канвой. Усіх наведнікаў выдалілі з залі.
“Я быў савецкім акупантам з 1984 па 1986 год у Рэспубліцы Афганістан”
Суддзя Шылько запыталася, ці прыцягваўся абвінавачаны раней да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці?
– Неаднаразова, з 1988 года я 15 разоў судзімы адміністрацыйна і крымінальна… за перфомансы, за мастацкія рэчы і за непадпарадкаванне міліцыянтам. Я непарадкаваўся маёру і быў асуджаны на 10 сутак, гэта апошняя адміністрацыйка.
– А крымінальная адказнасць, якія артыкулы, памятаеце?
– Не памятаю і не хачу памятаць.
– А судзімасці па датах?
– Самі паглядзіце, 89 і 99 год. З часу апошняй судзімасці прашло 23 гады.
Далей Алесь Пушкін распавядае суду, што быў затрыманы 29 сакавіка 2021 года ў мястэчку Жылічы і з тых часоў знаходзіўся ў розных турмах Беларусі – Гарадзенскай, Жодзінскай і Мінскай. Паперку аб тым, што суд прызначаны на 10 сакавіка атрымаў 1 сакавіка 2022 года.
– Скажыце, калі ласка, вы удзельнічалі ў нейкіх ваенных дзеяннях, маеце якія-небудзь узнагароды?
– Я быў савецкім акупантам з 1984 па 1986 год у Рэспубліцы Афганістан у складзе 181 палка верталётнай эскадрыллі.
Пушкін хадайнічае пра адвод судовай калегіі, пракурора і адваката
– Я б хацеў, калі гэта, магчыма абараняць сябе сам… Што значыць адвод? Ну, па сутнасці, я разумею што цяпер прававы дэфолт, судовая сістэма, пракуратура – гэта ўсе фікцыя. Мяне не запрасілі ў суд, а прынеслі, і гэта значыць, што суда ў нас зараз няма па сутнасці, вы даўно ўжо вымалявалі, якую мне меру даць… Усім адвод.
– Тады будзьце ласкавы, скажыце на якой падставе?
– Што суду ў нашай краіне няма. Я не веру ў справядлівасць нашага суда. Я не веру нашай адвакатуры, таму што яна баязлівая, бяззубая і безабаронная. Навошта гэта усе?
– Вы заяўляеце адвод судовай калегіі, дзяржаўнаму абвінаваўцу і вашаму абаронцу?
– Правільна. Я буду сам сябе абараняць.
– Чаму адвод адвакату?
– Прасіў адваката, каб б пасадзейнічаў у атрыманні мне пошты, а яна адказала, што не можа дапамагчы, замахала рукамі і пайшла. Навошта мне такі адвакат? Я буду сам сабе абараняць. Навошта мне такі суд, які ўжо ведае меру стрымання? Навошта мне пракуратура, якая служыць палітычный уладзе зараз
– Вы заяўляеце адвод судовай калегіі, дзяржаўнаму абвінаваўцу?
– Так.
Для таго што б дазволіць адвод судовая калегія выдаляецца ў дарадчы пакой.
Суд не задаволіў хадайніцтвы Алеся Пушкіна пра адвод судовай калегіі, дзяржабвінаваўцу і адвакату.
Суд па справе Алеся Пушкіна зрабілі закрытым.
Такое рашэнне пасля абеду прыняла суддзя Алена Шылько.
Наступнае пасяджэнне прызначанае на заўтра, 11 сакавіка.