— Усюды, там дзе ўваходзіць Расея, паміраюць мары і пачынаецца змаганне за выжыванне, — сказаў у адным са сваіх зваротаў да народа прэзідэнт Украіны Володымыр Зэлэнскі. — Расейскія акупанты не ў змозе нас падпарадкаваць. Не маюць такой сілы духу як мы. Фундаментам існавання Расеі ёсць насілле, тэрор і зброя, якой маюць дастаткова, але не маюць пры тым таго чагосьці, што людзі становяцца шчаслівымі. Мы змагаемся за наша права быць свабоднымі, за права жыць на сваёй, уласнай зямлі так, як лічым патрэбным, а не так, як хтосьці хацеў бы за нас і супраць нашай натуры рашаць, — падкрэсліў у сваім выступленні гераічны прэзідэнт змагаючайся за незалежнасць суседняй украінскай дзяржавы. 

Гэтыя словы былі запісаны мною пасля сямнаццатага дня абароны ад маскоўскіх агрэсараў. З самага пачатку вайны ўкраінскі народ адзіны і непадзельны ў сваім змаганні з ворагам, што падпаліў і знішчае іхнюю Радзіму. Разам з ім і іхні прэзідэнт Зэлэнскі — гонар нацыі для саміх украінцаў. Калі гляджу і слухаю яго, таксама ганаруся ім як беларус, як грамадзянін Польшчы, як чалавек, якому словы незалежнасць, народ, дыктатура з’яўляюцца таксама не пустымі і балюча знаёмымі. Для большасці людзей усяго свету ён менавіта той палітык з плоці і крыві, якіх штодзень патрабуюць людзі ў сваіх дзяржавах. Фільмавы «Слуга народа», узяўшы на свае плечы цяжар усіх прэзідэнцкіх выклікаў, паказаў сваім малаверам, што ён цалкам выконвае ўскладзеную на яго місію, а не нейкую толькі чарговую жыццёвую ігру. Пачуццё адказнасці за лёс народа, дзяржавы і будучыні — гэта штодзённае дзеянне сапраўднага лідара. А мільёны звычайных украінцаў зброяй, словам, ахвярнасцю, вяртаннем на Бацькаўшчыну з-за мяжы даюць адпор агрэсару, якому заманулася імперскае вяртанне да часоў Савецкага Саюза.

Да канца, відаць, не разумеюць яшчэ гэтага многія заходнія палітыкі, якім пуцінская Расія гэта адзіны партнёр для размоў нават і зараз пра геапалітычныя падзелы ў гэтай частцы Еўропы. Ім не «паняць», што вынікам менавіта іхніх саступак з’яўляюцца шматгадовы пуцінізм і лукашызм ды ваенныя расейскія паходы. Палітычны трыкутнік Берлін — Масква — Парыж і ўмоўны фінансавы Лонданград давалі ахоўны парасон над тымі дыктатурамі. А ўсе шматразовыя пратэстныя выступленні саміх беларусаў уключна з рэвалюцыйнымі падзеямі жніўня 2020 года супраць сфальшаваных Лукашэнкам выбараў не атрымалі адэкватнай міжнароднай падтрымкі. Бо далей гэтыя «братнія» сістэмы заіснавалі і ўмацоўваліся ў выніку міжнароднага, няпісанага дагавора, што Беларусь знаходзіцца ў сферы ўплыву Расеі. А цяпер некаторыя хочуць, каб за тыя ўсе геапалітычныя, карцёжныя розыгрышы мы, як беларускі народ, неслі палітычную і маральную адказнасць.

Каб падзяліць нанова свет, псіхапатычнаму Уладзіміру Пуціну замарылася падпаліць свет і выклікаць трэцюю сусветную вайну. Але гэта ўжо не тая ўкраінская дзяржава, армія, палітыкі, як у 2014 годзе, калі расейцам удалося ўзяць Крым і скампраметаваць тамашніх украінскіх вайскоўцаў, што пераходзілі на бок ворага без аніякага бою. Мы не ведаем канчатковага выніку ваеннай навалы маскальскай арды, але ўжо зараз вядома, што пралітая ў абароне сваёй дзяржавы ўкраінская кроў не будзе зараз і на векі вякоў ніколі дарэмнай. Абліла яна разам з ахвярамі Майданаў і трагічна адкупіла тыя палітычныя і мілітарныя моманты здрады ў сваёй навейшай гісторыі пасля развалу краіны саветаў. Стварэнне тады Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік было працягам ранейшых мілітарна-палітычных аперацый Масквы ў дачыненні хаця б да Малдовы ці Грузіі ў 2008 годзе. А цяпер у 2022 годзе па іх прычыне і з-за іх уваходу ў састаў Расейскай Федарацыі распачалася захопніцкая, антыўкраінская вайна з маскоўскага боку.

Калі зараз Еўропа і Злучаныя Штаты Амерыкі не выдадуць разам рашучага бою супраць пуцінскай і лукашэнкаўскай сістэмы, тады не дай Бог здзейсняцца мары камуністаў пра іх танкі і салдат у Парыжы. Бо ў Берліне ўжо пабывалі і то доўга. І гэты паўтор расейскай гісторыі з Парыжам з 1814 года пасля напалеонаўскай паразы не будзе мець палітычнага і чалавечага вымярэння франкафільскага і салоннага цара Аляксандра І.

Яўген ВАПА