16 сакавіка Яўгену Шулюку прысудзілі два з паловай гады хіміі з адбываннем пакарання ва ўстанове так званага адкрытага тыпу.
***
15 сакавіка суддзя суда Смаргонскага раёна Сяргей Боландзь, пры ўдзеле дзяржабвінаваўцы Андрэя Клышэвіча, распачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да смаргонца Яўгена Шулюка.

Ён абвінавачваецца ў абразе прэзідэнта (артыкул 368 Крымінальнага кодэкса).
Яўген Шулюк знайшоў у інтэрнэце малюнак з выявай Лукашэнкі і надпісамі, як вынікала з дакладу пракурора, “коварен, жаден, таракан” і яшчэ некалькімі, а затым размясціў сярод фотаздымкаў на сваёй старонцы ў “Одноклассниках”. Экспертыза вырашыла, што гэтыя словы абразлівыя і негатыўна характарызуюць прэзідэнта.
У маладога чалавека цяжарная жонка. Трэба яму клапаціцца і пра ўтрыманне жончыных дваіх малых дзетак, якіх яна мела на момант шлюбу. Яўген станоўча характэрызуецца па месцы працы.
Аднак дзяржабвінаваўца запатрабаваў прызначыць абвінавачваемаму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 3 гады, з адбываннем пакарання ва ўстанове адчкрытага тыпу (так званая “хімія”). Абгрунтоўваў тым, што ў дзеяннях Яўгена Шулюка рэцыдыў, бо некалькі год таму ён меў судзімасць і “не стаў на шлях выпраўлення”, а таксама некалькі разоў караўся за адміністрацыйныя правапарушэнні.
Акрамя гэтых абцяжарваючых вінаватасць абставін, пракурор адзначыў і тое, што ў дадзеным выпадку абражана вышэйшая службовая асоба краіны. Што наўрад ці правільна, бо чалавек прыцягваецца да адказнасці па артыкулу, у назве якога ўжо ўлічаны цяжар злачынства, паколькі гэты артыкул гучыць “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
Прысуд будзе абвешчаны 16 сакавіка.