10 гадоў таму стала вядома, што расстралялі Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава.

Dmitry Konovalov (L) and Vladislav Kovalyov are seen in a cage before court hearings in Minsk, September 15, 2011. A Belarussian state prosecutor asked a court on November 14, 2011 to sentence to death Konovalov and Kovalyov, who are charged with organising a deadly bomb blast at a metro station in Minsk. Picture taken September 15, 2011. (BELARUS – Tags: CRIME LAW),Image: 451329513, License: Rights-managed, Restrictions: , Model Release: no, Credit line: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

14 сакавіка 2012 году стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва (на фота), асуджаных на смерць за тэракт у мінскім метро. 17 сакавіка сваякі атрымалі паведамленне з Вярхоўнага суду аб тым, што прысуд Уладзіславу Кавалёву прыведзены ў выкананне.

Даведку пра тое, што прысуд у дачыненні Уладзіслава Кавалёва (на фота) прыведзены ў выкананне, даслалі на хатні адрас Кавалёвых у Віцебску. Ліст з паштовай скрыні дастала маці, Любоў Кавалёва.

 «Во толькі што мама са скрыні дастала. Вярхоўны суд…ад 16.03 ліст… што прысуд прыведзены да выканання… Мама яго атрымала. Яны яго забілі, усё было дарэмна, усё дарэмна», — толькі і змагла сказаць скрозь слёзы Таццяна, сястра Уладзіслава Кавалёва.

Дзмітрый Канавалаў, таксама асуджаны на смяротнае пакаранне паводле абвінавачання ў тэрарызме па гэтай крымінальнай справе, прашэнне аб памілаванні падаваць адмовіўся. Яго блізкія ніяк не кантактуюць з прэсай,іх сям’я і кватэра знаходзіцца пад аховай, але стала вядома, што прысуд у  дачыненні Канавалава таксама прыведзены ў выкананне. 

З 14 сакавіка адвакату Станіславу Абразею не ўдавалася сустрэцца са сваім падабаронным Уладзіславам Кавалёвым. Кавалёва не было ні ў следчым ізалятары КДБ, дзе ён 11 сакавіка меў спатканне з маці і сястрой, ні ў СІЗА на Валадарскага.

Пасля паведамлення, што Канавалаву і Кавалёву адмоўлена ў памілаванні, у беларускіх электронных СМІ з’явіліся меркаванні, што вінаватыя нібыта праваабаронцы: маўляў, уцягнулі маці Кавалёва ў палітычныя гульні, накіроўвалі яе выступаць з трыбунаў уплывовых еўрапейскіх структураў, і гэта раздражняла ўладу.

Маці Уладзіслава Кавалёва не лічыць, што яе актыўная пазіцыя і дзеянні праваабаронцаў паўплывалі на рашэнне Аляксандра Лукашэнкі адмовіць у памілаванні асуджаных на смерць Канавалава і Кавалёва.

«Па-першае, мяне запрасіла Рада Еўропы. …Вы ведаеце, я ўжо думала пра гэта. Літаральна пазаўчора я пераглядала відэазапіс першага допыту Улада. Уладу ўжо тады яны тэрарызм паставілі. Дзіма маўчаў. Яны запалохалі Улада вышэйшай мерай. Яны разлічвалі на тое, што Улад спалохаецца і прамаўчыць. Я мяркую, маўчы — не маўчы, канец справы быў бы адзін і той жа. Адзіная розніца — тое, што паднеслі следчыя органы: так, яны вінаватыя. Але калі выйшла праўда з залі суду і людзі сталі ў гэтым сумнявацца — следства пайшло не па плане. Я думаю, гэта проста помста», – заявіла Любоў Кавалёва.

15 сакавіка адвакат Станіслаў Абразей падаў наглядную скаргу ў Вярхоўны суд. А маці Уладзіслава Кавалёва напісала прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі: яна прасіла адкласці выкананне смяротнага прысуду, пакуль зварот яе сына не разгледзяць у ААН.

«Я прашу даць загад адпаведнай арганізацыі, якая займаецца выкананнем пакаранняў. Напісала так: „Калі ласка, дайце магчымасць майму сыну дачакацца вынікаў звароту ў ААН. Прашу прыпыніць смяротную кару хаця б на адзін год“. Адправіла гэты зварот заказным лістом і факсам», — паведаміла Любоў Кавалёва.