За «праяву нянавісці» да супрацоўніка АМАПу жыхара Гародні засудзілі на 2,5 гады «хіміі».

Суд Кастрычніцкага раёна Гародні абвесціў прысуд па справе Юрыя Давыдава, якога абвінавачвалі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369) — ён пакінуў абразлівы каментар у тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» пад допісам з асабістымі звесткамі кіроўцы АМАПа Паўла Вашкевіча.

Сам абвінавачаны растлумачыў, што пад допісам з фотаздымкам 31-гадовага Вашкевіча ён прачытаў, што ва ўласнасці ў пацярпелага ёсць мікрааўтобус Ford Transit 2015 года выпуску. Зыходзячы з гэтага Давыдаў зрабіў выснову, што, акрамя працы ў АМАПе, пацярпелы займаецца яшчэ і прыватным бізнэсам, што, згодна з законам, дзяржслужбоўцу забаронена. Пра гэта Давыдаў і напісаў свой каментар.

Пра які менавіта каментар ідзе гаворка, на судзе не гаварылася, але вядома, што судова-лінгвістычная экспертыза вызначыла, што ён утрымлівае «ненарматыўную форму маўленчага выказвання».