У транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі» спыніў працу пункт размяшчэння мігрантаў. Усе замежнікі, якія часова знаходзіліся ў цэнтры, нібыта пакінулі яго.

Пра гэта паведаміла прэс-служба Дзяржпагранкамітэта Беларусі.

22 сакавіка 98 мігрантаў вылецелі эвакуацыйным рэйсам з Мінска ў Ірбіль у 02.55. Вяртанне на радзіму было арганізаванае ў рамках праграмы дапамогі міжнароднай арганізацыі па міграцыі.

«Астатнія замежнікі па іх просьбе часова расселеныя ў гасцініцах і санаторыях для чакання наступных вывазных рэйсаў», — паведаміў ДПК.

Напярэдадні ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск» прыляцеў самалёт авіякампаніі Fly Baghdad. Яго не было ў раскладзе, прызямленне не адлюстроўвалася на табло прылётаў.

Паводле звестак на 20 сакавіка, у ТЛЦ «Брузгі» заставаліся 409 мігрантаў.